Лагатып Года сям’і – Amoris Laetitia Лагатып Года сям’і – Amoris Laetitia 

Францішак: патрэбны новыя праграмы падрыхтоўкі да сужэнства

Касцёл хоча працаваць з усімі сем’ямі, суправаджаць іх у імкненні да лепшага жыцця і дапамагаць ім пераадольваць цяжкасці, - адзначыў Папа ў чарговым фільме, прысвечаным бягучаму Году сям’і – Amoris Laetitia.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэты раз у відэа выступіла сям'я Доба з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Бацькі і дзеці распавялі пра свой удзел у евангелізацыі. Яны прызналі, што ім патрэбна падтрымка Касцёла.

Каментуючы іх сведчанне, Францішак нагадаў, што менавіта самі сем’і ў сілу сакрамэнту сужэнства адыгрываюць ключавую ролю ў душпастырскім служэнні. "Усе сем'і могуць быць першымі сведкамі радасці Евангелля!", - падкрэсліў Пантыфік, запэўніўшы, што Касцёл са свайго боку хоча быць побач з імі ў іх цяжкасцях.

“Агульнага клопату аб сям'і ў вялікіх душпастырскіх праграмах недастаткова. Вялікіх душпастырскіх праграм недастаткова. Нам патрэбны новы рывок, новы місіянерскі энтузіязм. Нельга спыняцца на тэорыі, трэба закрануць канкрэтныя праблемы чалавека. Падрыхтоўка маладых людзей да сужэнства – аснова евангелізацыі праз сем'і”, - звярнуў увагу Папа.

На думку Францішка, сёння патрэбны катэхуменальныя праграмы, якія падрыхтуюць не толькі да шлюбу, але і да сужэнскага жыцця. Таксама існуе неабходнасць у курсах, якія будуць працягвацца пасля шлюбу, прынамсі, на працягу першых дзесяці гадоў сумеснага жыцця. Справа ў тым, патлумачыў Пантыфік, каб сем'і адчувалі, што іх суправаджаюць святары і іншыя сем'і ў спазнанні радасцей паўсядзённага жыцця, але і цяжкасцей, якія не павінны ім перашкаджаць.

“Мы павінны перагледзець падрыхтоўку да сужэнства, каб дапамагчы маладым людзям з дзяцінства зразумець, што гэта сапраўднае пакліканне. Трэба заўсёды памятаць, што кожны крызіс можа быць нагодай для абнаўлення сэрца, да новага “так”, дзякуючы якому каханне становіцца больш сталым”, - заўважыў Папа.
 

01 кастрычніка 2021, 11:38