Статуя Хрыста-Адкупіцеля ў Рыа-дэ-Жанейра Статуя Хрыста-Адкупіцеля ў Рыа-дэ-Жанейра 

Францішак: Хрыстус-Адкупіцель заклікае да прымірэння

Статуя Хрыста-Адкупіцеля ў Рыа-дэ-Жанейра, Яго раскрытыя абдымкі ў нястомным закліку да прымірэння – гэта заклік да братэрства, які наш Пан скіроўвае да гэтага горада і ўсяго свету, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец скіраваў пасланне да кардынала Арані Жуана Тэмпэсты, арцыбіскупа Рыа-дэ-Жанейра, з нагоды 90-годдзя ўрачыстага адкрыцця на ўзгорку Каркаваду манументальнай 38-мятровай фігуры Хрыста-Адкупіцеля, якая стала не толькі сімвалам гэтага горада, але і ўсёй Бразіліі.

Францішак заклікаў бразільскі народ будаваць грамадства, у якім ніхто не будзе адчуваць сябе самотным, непажаданым, непрынятым, ігнараваным ці забытым, і ў якім усе будуць прыкладаць намаганні на карысць больш справядлівага, салідарнага і шчаслівага свету.

Папа падкрэсліў, што незалежна ад ўзроўню адукацыі ці багацця, усе людзі могуць зрабіць унёсак у будаванне міжчалавечага братэрства. Ніхто не павінен стаяць са складзенымі рукамі, але раскрыць абдымкі на ўсіх, як гэта робіць Адкупіцель, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус у першую чаргу з’яўляецца тым, хто прымае кожнага чалавека. “Ён жыве ў гэтым горадзе і запрашае вас наблізіцца да Яго, бо знаходзячыся блізка да Яго, вы будзеце блізка адзін да аднаго”, - запэўніў жыхароў Рыа-дэ-Жанейра Пантыфік.

Статуя Хрыста-Адкупіцеля, якую называюць таксама статуяй Хрыста-Збаўцы, знаходзіцца на вяршыні гранітнай скалы на вышыні 709 метраў вышэй за ўзровень мора. Яна будавалася на працягу пяці гадоў і была афіцыйна адкрыта 12 кастрычніка 1931 г.
 

14 кастрычніка 2021, 09:02