Агульная аўдыенцыя: “урок свабоды”, які выплывае з сэрца

Папа нагадаў пра пакліканне да свабоды перад Панам, спасылаючыся на прыклад паводзінаў хлопчыка, што падышоў да яго на пачатку агульнай аўдыенцыі, якая 20 кастрычніка 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У той час як супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыяту чыталі на розных мовах урывак са Святога Пісання, на сцэну Залы Паўла VI узышоў дзесяцігадовы хлопчык з парушэннямі псіхічнага развіцця, які прыбыў на сустрэчу з Пантыфікам разам са сваімі бацькамі з паўднёваітальянскай вобласці Апулія.

Хлопчык паразмаўляў са Святым Айцом, а потым сеў побач з ім на крэсла, якое саступіў яму рэгент Прэфектуры Папскага дома, мансеньёр Леанарда Сапіенца. Праз некаторы час да хлопчыка падышла яго маці і забрала яго.

Каментуючы гэту сітуацыю Францішак заўважыў, што на працягу апошніх месяцаў галоўнай тэмай яго катэхетычных разважанняў з’яўляецца свабода, якая нараджаецца з веры.

“Мне ўзгадалася тое, што Езус казаў пра прастату і свабоду дзяцей, калі гэты хлопчык свабодна падышоў сюды і хадзіў быццам бы ў сябе дома. Езус кажа: “Таксама і вы, калі не станеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае”. З адвагай наблізіцца да Пана, быць адкрытымі перад Панам, не баяцца Пана: я дзякую гэтаму хлопчыку за ўрок, які ён даў усім нам”, - сказаў Папа, жадаючы, каб Бог дапамог яму ў развіцці і пераадоленні цяжкасцей, і дзякуючы за сведчанне, якое “выплывала з сэрца”.
 

20 кастрычніка 2021, 16:43