Пантыфік абвясціў аб заснаванні навучальнага экалагічнага курса
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Вернікі і няверуючыя, мы абавязаны гарантаваць не толькі абстрактную ўстойлівасць або прапаведваць дабро будучых пакаленняў, але таксама падрыхтаваць інструменты для абароны разнастайных экасістэм і іх кампанентаў, ведаючы, што нам не дадзена распараджацца імі бязмерна”, - падкрэсліў Францішак у адмысловым лісце, які 7 кастрычніка 2021 г. скіраваў на імя Вялікага канцлера Папскага латэранскага ўніверсітэта, кардынала Анджэла Дэ Данаціса, Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.
Пантыфік нагадаў, што клопат пра стварэнне звязаны з дасягненнямі ў навуковай сферы, узаемаадносінамі паміж рознымі культурамі, працэсамі будавання міру і супрацоўніцтва, а таксама з “пераасэнсаваннем фундаментальных прынцыпаў грамадскага жыцця”.
Францішак нагадаў, што клопат пра стварэнне адпавядае сацыяльнаму вучэнню Касцёла, а таксама адзначыў уклад Канстантынопальскага Патрыярхату ва ўмацаванне ўвагі хрысціян да экалагічных пытанняў, што стала, між іншым, важным элементам экуменічнага дыялогу. У сувязі з гэтым Папа звярнуў увагу на тое, што новая навучальная праграма будзе рэалізоўвацца ў супрацоўніцтве з Канстантынопальскім Патрыярхатам. “Сядзібы святых Пятра і Андрэя змогуць дзейнічаць у гармоніі, каб таксама і ў гэтай сферы ажыццяўлялася іх місія абвяшчэння Добрай весткі ўсім народам”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак заўважыў таксама, што дзеля захавання “адкрытай сістэмы” даследаванняў і фармацыі ў рамках навучальнага цыкла будзе дзейнічаць Кафедра ЮНЕСКА па пытаннях будучыні навучання ў сферы ўстойлівага развіцця, што дапаможа ўмацаванню адчувальнасці на глабальным узроўні да неабходнасці навучання моладзі экалагічнай адказнасці і ўстойлівым адносінам да прыроды.