Францішак да мігрантаў у Лівіі: я чую ваш крык і малюся за вас
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Выказваю маю блізкасць тысячам мігрантаў, бежанцам і іншым людзям, якія патрабуюць абароны ў Лівіі. Я ніколі вас не забываю, я чую вашы крыкі і малюся за вас”, - сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што многія з гэтых мужчын, жанчын і дзяцей падвяргаюцца нечалавечаму насіллю. “Яшчэ раз прашу міжнародную супольнасць выконваць свае абяцанні шукаць супольныя, канкрэтныя і доўгатрывалыя рашэнні для кіравання міграцыйнымі патокамі ў Лівіі і ва ўсім Міжземнамор’і. А як моцна пакутуюць тыя, каго не прымаюць! Там існуюць сапраўдныя лагеры”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
“Неабходна пакласці канец вяртанню мігрантаў у небяспечныя краіны і аддаць перавагу збаўленню чалавечых жыццяў у моры з дапамогай выратавальных прыстасаванняў і прадказальнай высадкі, гарантаваць ім годныя ўмовы жыцця, альтэрнатыўныя затрыманню, законныя шляхі міграцыі і доступу да працэдур атрымання прытулку. Давайце ўсе адчуем адказнасць за нашых братоў і сясцёр, якія вельмі шмат гадоў з’яўляюцца ахвярамі гэтай найцяжэйшай сітуацыі. Памолімся за іх разам у цішыні”, - заклікаў на заканчэнне свайго звароту Францішак.