Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: пандэмія – магчымасць стварыць новую сістэму харчавання

Пандэмія дае нам магчымасць змяніць курс і інвеставаць у сусветную сістэму харчавання, здольную разумна і адказна перажыць будучыя крызісы, - лічыць Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

15 кастрычніка 2021 г. Папа скіраваў пасланне, прысвечанае Сусветнаму дню харчавання. Перад чалавецтвам стаіць адна з найвялікшых праблем: перамагчы голад раз і назаўжды, - адзначыў ён, нагадваючы, што Саміт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па харчовых сістэмах, які прайшоў у Нью-Ёрку 23 верасня 2021 г., падкрэсліў неабходнасць прыняцця інавацыйных рашэнняў, якія могуць змяніць спосаб вытворчасці і спажывання ежы на карысць дабрабыту людзей і планеты.

Тэма сёлетняга Дня харчавання: "Нашы дзеянні – наша будучыня”, падкрэслівае неабходнасць сумесных ініцыятыў – “кожны з нас адыгрывае сваю ролю ў пераўтварэнні сістэм харчавання на карысць людзей і планеты”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на сапраўдны парадокс: з аднаго боку, больш за 3 млрд. чалавек не маюць доступу да пажыўнага харчавання, а з другога, амаль 2 млрд. пакутуюць ад залішняй вагі або атлусцення. Ён лічыць, што трэба “рэарганізаваць сістэмы харчавання ў цэлым”.

Францішак назваў чатыры вобласці, у якіх неабходна дзейнічаць тэрмінова: поле, мора, стол і зніжэнні растрат ежы і адходаў. “Наш лад жыцця і штодзённае спажыванне ўплываюць на глабальную і экалагічную дынаміку, але калі мы імкнёмся да рэальных змен, трэба заклікаць вытворцаў і спажыўцоў прымаць этычныя і ўстойлівыя рашэнні і павысіць дасведчанасць маладога пакалення аб важнай ролі, якую яно адыгрывае ў імкненні да свету без голаду”, - лічыць Папа.

На яго думку, “кожны можа прапанаваць свой унёсак у гэтую высакародную справу, пачынаючы з паўсядзённага жыцця і з самых простых жэстаў”. “Ведаць наш агульны дом, ахоўваць яго і ўсведамляць яго важнасць – гэта першы крок, каб стаць захавальнікамі і папулярызатарамі аховы навакольнага асяроддзя”, - перакананы Святы Айцец.

Пандэмія дае нам магчымасць змяніць курс і інвеставаць у сусветную сістэму харчавання, здольную разумна і адказна перажыць будучыя крызісы, - лічыць Францішак. Тут, на яго думку, фундаментальным застаецца ўклад дробных вытворцаў, якім трэба палегчыць доступ да інавацый.

“Барацьба з голадам патрабуе ад нас пераадолення халоднай логікі рынку, якая заўсёды засяроджана на адной толькі эканамічнай выгадзе і звядзенні прадуктаў харчавання выключна да тавару, патрабуе ад нас умацавання логікі салідарнасці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак паабяцаў падтрымку з боку Святога Пасаду і Каталіцкага Касцёла намаганняў ФАО і іншых структур і асоб, якія робяць усё магчымае для гарантавання кожнаму чалавеку яго асноўных правоў. “Няхай тыя, хто сее насенне надзеі і згоды, адчуюць падтрымку маёй малітвы, каб іх ініцыятывы і праекты сталі яшчэ больш плённымі і эфектыўнымі”, - напісаў Пантыфік у сваім пасланні да Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
 

15 кастрычніка 2021, 12:16