Папа сустрэўся з манахіняй, вызваленай з палону баевікоў у Малі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
59-гадовая місіянерка з кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Марыі Беззаганнай была выкрадзена 7 лютага 2017 г. недалёка ад мяжы Малі з Буркіна-Фасо. Баевікі, звязаныя з тэрарыстычнай групоўкай Аль-Кайда, уварваліся на тэрыторыю парафіі ў Карангаса, дзе законніца працавала на працягу шасці гадоў, і ўвязлі яе ў невядомым кірунку.
Праз некаторы час с. Глорыя з’явіліся ў відэароліку Аль-Кайды. Затым, праз ліст, скіраваны свайму брату праз пасярэдніцтва Чырвонага крыжа, яна паведаміла, што знаходзіцца ў палоне ўжо ў іншай групоўкі. Манахіня была вызвалена 9 кастрычніка 2021 г. дзякуючы сумесным намаганням дзяржаўных уладаў і спецслужб некалькіх краін, пасля чаго прыбыла ў Рым.
Францішак сустрэўся з с. Глорыяй Сэсіліяй Нарваес Аргоры перад св. Імшой, якую цэлебраваў у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане з нагоды адкрыцця XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія”. Папа раздзяліў радасць вызвалення з калумбійскай манахіняй і благаславіў яе.