Падчас аўдыенцыі для Сясцёр Боскай Міласэрнасці Падчас аўдыенцыі для Сясцёр Боскай Міласэрнасці 

Пантыфік: шлях Хрыста – гэта шлях міласэрнай любові

Наследаваць прыклад клопату і слухання, якія на старонках Евангелля даюць Марта і Марыя з Бэтаніі, - заклікаў Папа манахінь з кангрэгацыі Сясцёр Боскай Міласэрнасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 кастрычніка 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельніц 21-га Генеральнага капітула гэтай жаночай манаскай супольнасці, заснаванай у 1799 г. французскай святой Жанай Антыдай Турэ.

Папа заўважыў, што капітул супаў па часе з пачаткам Сінода Біскупаў, у сувязі з чым падкрэсліў, што “заданне ўзрастання ў сінадальнасці, якое бярэм на сябе як Касцёл, з’яўляецца моцным стымулам таксама для інстытутаў кансэкраванага жыцця”

“Асабліва вы, кансэкраваныя асобы, з’яўляецеся неад’емнай прысутнасцю ў вялікай супольнасці, якая пілігрымуе, і якой ёсць Касцёл. Мне прыходзіць на розум вобраз Езуса, які праходзіў шляхамі Галілеі, Самарыі і Юдэі: з ім былі вучні, сярод якіх шмат жанчын, і мы нават ведаем імёны некаторых з іх. Мне падабаецца думаць, што вы, кансэкраваныя асобы, з’яўляецеся працягам той жаночай прысутнасці, што крочыла з Езусам і Дванаццацю, прымаючы ўдзел у місіі і робячы свой выключны ўнёсак у яе”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў манахінь задумацца пра тое, у чым заключаецца іх уклад у супольны шлях усяго Касцёла, а таксама заўважыў, што адказ на гэта пытанне можна знайсці ў тэме генеральнага капітула іх супольнасці: Выйсці з Бэтаніі з клопатам Марты і слуханнем Марыі.

Пантыфік заклікаў манахінь наследаваць прыклад клопату і слухання, якія даюць Марта і Марыя, асабліва праз клопат пра бедных і слуханне бедных. “У гэтым з’яўляецеся настаўніцамі. Вы з’яўляецеся настаўніцамі не на словах, але праз учынкі, праз гісторыю многіх вашых сясцёр, якія аддалі за гэта жыццё, праз клопат і слуханне, знаходзячыся побач з пажылымі асобамі, хворымі, маргіналізаваным; побач з малымі і апошнімі, маючы ласкавасць і спагаду Бога. Гэта будуе Касцёл, дапамагае яму ісці па шляху Хрыста, які з’яўляецца шляхам міласэрнасці”, - падкрэсліў Папа.
 

11 кастрычніка 2021, 11:20