Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апублікавана праграма падарожжа Францішка на Кіпр і ў Грэцыю

35-е Апостальскае падарожжа Францішка пройдзе пад знакам экуменізму і ўвагі да мігрантаў. Пілігрымка Папы на Кіпр і Грэцыю пройдзе з 2 па 6 снежня 2021 г. Яе праграма была абнародавана ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

2 снежня Пантыфік вылеціць на самалёце з Рыма ў кірунку Кіпра. Ён прызямліцца ў другой палове дня ў міжнародным аэрапорце Ларнакі, адкуль адправіцца ў Нікасію, дзе перш-наперш сустрэнецца з каталіцкім духавенствам, кансэкраванымі асобамі, катэхетамі, прадстаўнікамі касцёльных асацыяцый і рухаў. Затым адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання Святога Айца ў Прэзідэнцкім палацы. Там ён сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы і звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

Другі дзень падарожжа, 3 снежня, пройдзе пад знакам экуменізму. Ён распачнецца з візіту ветлівасці Папы да Архіепіскапа Кіпрскага Хрызастома І і яго сустрэчы са Свяшчэнным Сінодам Кіпрскай Праваслаўнай Царквы. У другой палове дня Францішак узначаліць цэлебрацыю эўхарыстычнай літургіі на сталічным GSP Stadium, а вечарам правядзе экуменічную малітву з мігрантамі.

4 снежня Папа вылеціць з Кіпра ў Грэцыю. Пантыфік прыбудзе на самалёце ў міжнародны аэрапорт ў Афінах, адкуль накіруецца на сустрэчу з Прэзідэнтам, Прэм’ер-міністрам, прадстаўнікамі грэчаскіх уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі. Потым Святы Айцец адведае Архіепіскапа Афінскага і ўсяе Элады Ераніма ІІ, прадстаяцеля Грэчаскай Праваслаўнай Царквы. З каталіцкімі біскупамі, духавенствам, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і катэхетамі ён сустрэнецца ў катэдральным касцёле св. Дыянісія, а затым, у будынку нунцыятуры, правядзе прыватную размову з мясцовымі езуітамі.

Важным этапа пілігрымкі ў Грэцыю стане візіт Святога Айца на востраў Лесбас, які запланаваны на 5 снежня. Там Папа наведае цэнтр прыёма мігрантаў, звернецца з прамовай і правядзе нядзельную малітву Анёл Панскі. Па вяртанні ў Афіны ён будзе цэлебраваць св. Імшу на тэрыторыі сталічнага Megaron Concert Hall, а ўвечары прыме з візітам ветлівасці ў нунцыятуры Архіепіскапа Ераніма ІІ.

У апошні дзень падарожжа, 6 снежня, раніцай, Францішка адведае старшыня грэчаскага парламента. Затым Папа сустрэнецца з моладдзю ў каталіцкай школе св. Дыянісія, якой кіруюць манахіні-уршулянкі. Пасля звароту да будучага пакалення грэчаскіх католікаў ён вырушыць у кірунку афінскага аэрапорта, адкуль вылеціць у Рым.
 

15 лістапада 2021, 10:14