Пошук

Анёл Панскі: чуваць – гэта не даваць душы ленавацца

28 лістапада 2021 г. Святы Айцец у разважаннях перад малітвай Анёл Панскі казаў пра Адвэнт як перыяд чакання і малітвы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на ўрывак Евангелля Першай нядзелі Адвэнту (Лк 21, 25-28, 34-36), які распавядае пра прыйсце Пана ў канцы часоў. Папа заўважыў, што ў словах Езуса ёсць заклік не баяцца, паколькі Ён абяцае сваё прыйсце.

“Трэба ўстаць і глядзець уверх, таму што якраз, калі, здаецца, усё скончылася, Пан прыходзіць, каб збавіць нас. Яго трэба чакаць з радасцю, нават у разгар цяжкасцей, у жыццёвых крызісах і ў драмах гісторыі”, - адзначыў Святы Айцец.

Затым Папа звярнуў увагу на заахвочванне Хрыста заўсёды чуваць і маліцца. Ён падкрэсліў, што чуваць – значыць не даваць душы ленавацца, а духоўнаму жыццю – расплывацца ў пасрэднасці.

Францішак таксама нагадаў пра важнасць малітвы, якая дапамагае душы гарэць і не гаснуць. “Нават у самыя напружаныя дні мы не павінны грэбаваць малітвай. Нам можа дапамагчы малітва сэрца, якая складаецца з частага паўтарэння кароткіх заклікаў. Падчас Адвэнту давайце возьмем звычай казаць, напрыклад: “Прыйдзі, Пане Езу!”. Варта паўтараць гэтую малітву на працягу дня. Душа будзе пастаянна напагатове”, - заахвоціў Папа перад малітвай Анёл Панскі і апостальскім благаслаўленнем.
 

28 лістапада 2021, 12:30

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >