Дзяржсакратар: вучыць павазе да жанчын з маладых гадоў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Кампанія была прадстаўлена ў Рыме з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын, які 25 лістапада 2021 г. адзначаўся па ініцыятыве ААН. Яна прадугледжвае прасоўванне “эканомікі клопату і салідарнасці праз адказныя і этычныя бізнес-мадэлі і формы спажывальніцтва, а таксама інтэграцыю ў грамадска-эканамічныя працэсы ахвяр гандлю людзьмі”.
Дзяржаскратар нагадаў біблійную гісторыю Юзафа, які быў прададзены ў няволю сваімі братамі, падкрэсліваючы, што Бог не пакінуў яго і ён не пакінуў Бога. Гэта старазапаветная постаць з’яўляецца прыкладам поўнага даверу да Пана, а таксама міласэрнасці, бо Юзаф прабачыў сваіх братоў. Іншы прыклад – Марыя Магдалена, якой Езус вярнуў годнасць і якая стала “апосталам апосталаў”.
Кард. Паралін заўважыў, што гэтыя гісторыі паўтараюцца і ў наш час у сітуацыях людзей, якія вяртаюцца з няволі да жыцця. “Дзякуючы Talitha Kum немагчымае становіцца магчымым”, - падкрэсліў ён, назваўшы гэтую арганізацыю каталіцкіх манахінь “прароцкім голасам Касцёла”.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы заўважыў, што “нельга адварочваць позірк ад жанчын і дзяцей, якіх лічаць таварам і рабамі”. “Пакліканне да дзейнасці можа і павінна ўзварушыць нашы сумленні”, - дадаў ён, спасылаючыся на назву ініцыятывы. На думку кардынала Параліна, неабходна яшчэ больш умацаваць намаганні, накіраваныя на выкараненне феномена гандлю людзьмі. “Я думаю, што ў першую чаргу трэба дзейнічаць у сферы адукацыі, каб самых ранніх гадоў вучыць моладзь паважаць і цаніць жанчын”, - дадаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.