Папа падчас візіту ў Ватыканскую апостальскую бібліятэку Папа падчас візіту ў Ватыканскую апостальскую бібліятэку 

Папа: Касцёл пакліканы сведчыць пра важнасць прыгажосці і культуры

5 лістапада 2021 г. Францішак прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новай пастаяннай экспазіцыйнай залы Ватыканскай апостальскай бібліятэкі і выставы, натхнёнай яго энцыклікай Fratelli tutti.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Звяртаючыся да ўдзельнікаў падзеі Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл пакліканы несці прыгажосць і культуру. Ён патлумачыў, што прыгажосць – гэта “не мімалётная ілюзія”; яна “нарадзілася з кораня дабра, праўды і справядлівасці, якія з’яўляюцца сінонімамі”.

“Чалавечае сэрца патрабуе не толькі хлеба, не толькі таго, што гарантуе яму выжыванне. Яно патрабуе таксама культуры, таго, што кранае душу, што набліжае да яго глыбокай годнасці. Таму Касцёл павінен сведчыць пра важнасць прыгажосці і культуры і весці дыялог з асаблівай прагай бясконцасці, якая вызначае чалавека”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік падзякаваў усім, хто прычыніўся да адкрыцця новай экспазіцыйнай залы ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы і выставы карт пад назвай “Усе. Чалавецтва ў дарозе”, натхнёнай яго энцыклікай пра агульначалавечае братэрства і культуру сустрэчы Fratelli tutti.

Святы Айцец заўважыў, што “жыццё – гэта мастацтва сустрэчы”, а “культуры пачынаюць хварэць, калі становяцца самадастатковымі, калі губляюць цікавасць да іншых і адкрытасць на іншых”. Ён падкрэсліў, што ў кантэксце пандэміі “чалавецтва патрабуе новых карт, каб адкрыць сутнасць братэрства, сацыяльнага сяброўства і агульнага дабра”.

Папа нагадаў, што ад самага пачатку пантыфікату заклікаў Касцёл станавіцца “Касцёлам, які вырушае ў дарогу” і галоўнай дзеючай асобай культуры сустрэчы. На яго думку, гэта заданне тычыцца таксама Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, якая будзе лепш служыць Касцёлу, калі будзе не толькі захоўваць мінуўшчыну, але імкнуцца станавіцца мяжой паміж сучаснасцю і будучыняй.
 

06 лістапада 2021, 09:12