Пантыфік да свецкіх францішканаў: будзьце адлюстраваннем Хрыста
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Ваша пакліканне вынікае з паўсюднага паклікання да святасці”, - сказаў на пачатку сваёй прамовы Пантыфік, падкрэсліваючы, што святасць прадугледжвае навяртанне сэрца і скіраванне яго да Хрыста, прыняцце закліку Пана і адкрытасць на патрабуючых. Жаданне выконваць волю Бога злучана са згодай служыць іншым з міласэрнасцю, і такім чынам вядзе да шчасця, - запэўніў Святы Айцец.
Папа заклікаў сваіх гасцей “адкрыць сэрцы на Бога, адкрыць сэрцы Хрысту, жывучы сярод звычайных людзей у духу св. Францішка”. “Як Францішак быў “адлюстраваннем Хрыста”, так “адлюстраваннем Хрыста” можаце стаць і вы”, - дадаў ён.
Пантыфік заўважыў, што францішканскі харызмат заключаецца галоўным чынам у захаванні святога Евангелля Нашага Пана Езуса Хрыста. “Пакліканне свецкага францішканіна – літаральна жыць Евангеллем у свеце ў духу Бедачыны; прыняць Евангелле як “форму і рэгулу” жыцця”, - сказаў Папа, жадаючы сваім гасцям, каб прыняцце Евангелля перамяніла іх жыццё, дапамагла практаваць беднасць, прастату і прызнаваць сябе малымі.
Святы Айцец нагадаў, што свецкія францішкане з’яўляюцца “часткай Касцёла, які вырушае ў дарогу”, яны пакліканы “сведчыць пра Езуса праз простае жыццё, без прэтэнзій, заўсёды з радасцю ідучы за бедным і ўкрыжаваным Хрыстом”, як рабіў св. Францішак Асізскі і многія іншыя члены Ордэна, заснаванага ім.
“Заклікаю таксама і вас ісці на сучасныя экзістэнцыяльныя перыферыі і дапамагаць Евангеллю загучаць там. Ніколі не забывайце пра бедных, якія з’яўляюцца целам Хрыста: ім вы пакліканы абвяшчаць Добрую Навіну”, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што шматлікія шпіталі, дыспансеры, сталоўкі для бедных і іншыя дабрачынныя структуры былі заснаваны “брацтвамі людзей, якія каюцца”, а таксама сказаў сваім гасцям, што сёння Святы Дух кліча іх “практыкаваць такую ж міласэрную любоў з крэатыўнасцю, якой патрабуюць новыя формы беднасці”.
“Няхай ваша свецкае жыццё будзе напоўнена блізкасцю, спагадай і мяккасцю”, надзеяй, якая аздараўляе жыццёвыя сітуацыі, адносіны паміж людзьмі, грамадскую і палітычную дзейнасць, - сказаў Папа, заклікаючы тэрцыярыяў жыць у братэрстве і будаваць больш братэрскі свет, “змагаючыся за справядлівасць, працуючы на карысць інтэгральнай экалогіі, супрацоўнічаючы з місіянерскімі праектамі і становячыся рамеснікамі міру і сведкамі евангельскіх благаслаўленняў”.