Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: крык бедных злучаны з крыкам Зямлі

Пасля малітвы Анёл Панскі Францішак падзякаваў за ініцыятывы з нагоды Сусветнага дня бедных, заахвоціў клапаціцца пра навакольнае асяроддзе і выказаў салідарнасць з хворымі на дыябет.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа нагадаў тэму V Сусветнага дня бедных: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе” (Мк 14,7). Ён падкрэсліў, што “чалавецтва ідзе наперад, развіваецца, але бедныя заўсёды побач з намі, яны заўсёды ёсць, і ў іх прысутнічае Хрыстус”, а таксама выказаў падзяку за шматлікія ініцыятывы салідарнасці, якія былі арганізаваны ў дыяцэзіях і парафіях ва ўсім свеце.

Святы Айцец заўважыў, што “крык бедных, злучаны з крыкам Зямлі”, некалькі дзён таму рэхам адбіўся на кліматычным саміце ААН у Глазга. “Заахвочваю ўсіх, хто надзелены палітычнай і эканамічнай адказнасцю дзейнічаць неадкладна, з адвагай і дальнабачнасцю; адначасова заклікаю ўсіх людзей добрай волі праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю на карысць клопату пра супольны дом. Для гэтага сёння, у Сусветны дзень бедных, пачынаецца рэгістрацыя на платформе Laudato si’, якая прасоўвае інтэгральную экалогію”, - падкрэсліўПантыфік.

Францішак заўважыў таксама, што 14 лістапада адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з дыябетам – “хранічнай хваробай, ад якой пакутуюць многія людзі, у тым ліку моладзь і дзеці”. “Малюся за ўсіх іх і за тых, хто кожны дзень падзяляе з імі цяжкасці, а таксама за медыцынскіх работнікаў і валанцёраў, якія ім дапамагаюць”, - сказаў Папа.
 

14 лістапада 2021, 13:00