Папа падчас сустрэчы з моладдзю Scholas Occurentes Папа падчас сустрэчы з моладдзю Scholas Occurentes 

Пантыфік сустрэнецца з моладдзю Scholas Occurentes

Францішак сустрэнецца з удзельнікамі міжнароднага моладзевага форума, які з 23 па 28 лістапада 2021 г. праходзіць у Рыме пад патранажам Папскага фонда Scolas Occurentes і Міністэрства адукацыі Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча адбудзецца ў Папскім міжнародным калегіуме Maria Mater Ecclesiae. У ёй прымуць удзел каля 70 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў, якія прыбылі ў Рым з больш чым 40 краін свету, каб падзяліцца досведам перажывання пандэміі і паразважаць пра тое, якім чынам моладзь можа адказаць на выклікі, якія ставіць актуальная сітуацыя.

Францішак адведае ўдзельнікаў сустрэчы 25 лістапада ў другой палове дня. Яму будзе прадстаўлены новы адукацыйны праект для будучых грамадскіх і палітычных лідараў, натхнёны энцыклікай Fratelli tutti. Акрамя таго, моладзь будзе мець магчымасць задаць Святому Айцу свае пытанні.

Scholas Occurrentes – гэта сусветная сетка навучальных устаноў пад патранажам Каталіцкага Касцёла, створаная для ўмацавання сувязей паміж усімі школамі свету. Місія Фонду – інтэграваць вучняў праз тэхналагічныя, спартыўныя і мастацкія ініцыятывы, якія падтрымліваюць выхаванне культуры сустрэчы, абменьвацца праектамі са школамі з меншай колькасцю рэсурсаў.

19 сакавіка 2014 г. Святы Пасад афіцыйна прызнаў Scholas Occurrentes прыватным фондам, які са жніўня 2015 г. знаходзіцца ў падпарадкаванні Кангрэгацыі па справах духавенства. Сетка ўключае больш за 400 тыс. навучальных устаноў у 190 краінах.
 

25 лістапада 2021, 10:38