Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: выйсце з крызісу – клопат пра стварэнне і братэрства

Святы Айцец скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў сусветнай анлайн-сустрэчы Камісій па справах справядлівасці і міру, якія дзейнічаюць пры каталіцкіх епіскапатах у розных краінах свету.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум, які праходзіць 17-18 лістапада 2021 г., прысвечаны ролі Камісій у служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў кантэксце пандэміі COVID-19. Пантыфік заклікаў іх членаў чэрпаць натхненне з энцыклік Laudato si’ і Fratelli tutti у адпаведнасці з рознымі мясцовымі сітуацыямі.

“Ва ўсіх часткай свету інтэгральнае развіццё, а значыць справядлівасць і мір, можна пабудаваць выключна двума шляхамі: праз клопат пра супольны дом і праз братэрства і грамадскае сяброўства”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што гэтыя шляхі маюць пачатак у Евангеллі, але імі можна ісці таксама разам з вызнаўцамі іншых рэлігій і людзьмі без акрэсленай рэлігійнай прыналежнасці.

Рабіць гэта трэба з “надзеяй, рашучасцю і крэатыўнасцю”, асабліва перад абліччам крызісу ў сферы аховы здароўя і сацыяльнай абароны, выкліканага пандэміяй, да якога дадаюцца старыя і новыя канфлікты, а таксама адступленне ад абавязацельстаў, “узятых на сябе пасля жудасных трагедыі мінулага стагоддзя”.

На думку Папы, актуальны крызіс “выявіў шматлікія супярэчнасці эканамічнай і палітычнай сістэмы”, а яго пераадоленне і іншыя нявырашаныя праблемы патрабуюць скаардынаваных дзеянняў розных бакоў, таму епіскапаты пакліканы супрацоўнічаць з іншымі рэлігійнымі і свецкімі структурамі – мясцовымі, рэгіянальнымі і міжнароднымі, – задзейнічанымі ў прасоўванні справядлівасці і міру.

Францішак заўважыў, што Камісіі па справах справядлівасці і міру, якія ўзніклі пасля Другога Ватыканскага Сабора, выконваюць неад’емнае служэнне ў сацыяльным душпастырстве мясцовых Касцёлаў і пакліканы спрыяць пашырэнню і знаёмству з каталіцкім сацыяльным вучэннем праз дзейнасць, накіраваную на абарону годнасці чалавека і яго правоў, аддаючы перавагу бедным і апошнім. “Такім чынам яны спрыяюць росту сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай справядлівасці і будаванню міра”, - падкрэсліў Пантыфік.
 

17 лістапада 2021, 11:55