Пантыфіка шакіруе ўзровень працоўнай эксплуатацыі дзяцей у свеце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак сустрэўся з удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі Выкараненне дзіцячай працы, стварэнне лепшай будучыні. “Тое, як мы ставімся да дзяцей, наколькі мы паважаем іх прыроджаную чалавечую годнасць і іх асноўныя правы, паказвае, якімі мы дарослымі з’яўляемся і хочам быць, і якое грамадства хочам пабудаваць”, - заўважыў ён.
Пантыфіка шакіруе і непакоіць той факт, што ў сучаснай высокатэхналагічнай эканоміцы занятасць дзяцей працоўнай дзейнасцю захоўваецца ва ўсіх кутках зямнога шара. Пандэмія пагоршыла сітуацыю. “Гэта ставіць пад пагрозу іх здароўе, псіхафізічнае самаадчуванне, пазбаўляе права на адукацыю і пражыванне дзяцінства з радасцю і спакоем”, - дадаў ён.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што “дзіцячую працу не варта блытаць з невялікімі хатнімі справамі, якія дзеці ў вольны час і ў залежнасці ад свайго ўзросту могуць выконваць у кантэксце сямейнага жыцця, каб дапамагчы бацькам, братам і сёстрам, бабулям і дзядулям або іншым членам супольнасці.” Гэта, як правіла, спрыяе іх развіццю.
“Дзіцячая праца – гэта зусім іншая справа! Гэта эксплуатацыя дзяцей у вытворчых працэсах глабалізаванай эканомікі на карысць чужых прыбыткаў і заробкаў. Гэта адмаўленне права дзяцей на здароўе, адукацыю, гарманічны рост, што таксама ўключае ў сябе магчымасць гуляць і марыць. Гэта трагічна. Дзіця, якое не можа марыць, не можа гуляць, не можа расці. Гэта крадзе ў дзяцей будучыню, а значыць, і саму чалавечнасць. Гэта парушэнне чалавечай годнасці”, - падкрэсліў Францішак.
Папа перакананы, каб знішчыць “біч дзіцячай працы”, трэба выкараніць галечу, выправіць дэфармацыі цяперашняй эканамічнай сістэмы, стварыць магчымасці для годнай працы са справядлівай заработнай платай, прасоўваць якасную адукацыю ў кожнай краіне, бясплатную для ўсіх, развіваць сістэму аховы здароўя, даступную для кожнага.
Ён заклікаў Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека “працягваць працу па стымуляванні, садзейнічанні і каардынацыі ініцыятыў і намаганняў, якія ўжо праводзяцца на ўсіх узроўнях у барацьбе з дзіцячай працай”.