Папа падчас св. Імшы ля клінікі імя Агасціна Джэмэлі ў Рыме Папа падчас св. Імшы ля клінікі імя Агасціна Джэмэлі ў Рыме 

Францішак: ласкавы жэст можа напоўніць сэнсам дзень хворага

5 лістапада 2021 г. Францішак наведаў рымскую сядзібу факультэта медыцыны і хірургіі Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Нагодай стала 60-годдзе з дня заснавання ўстановы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас св. Імшы, якая прайшла на плошчы перад універсітэцкай клінікай імя Агасціна Джэмэлі, Францішак падзяліўся некаторымі думкамі, натхнёнымі назвай навучальнай установы. "Сузіраючы Сэрца Хрыста мы можам кіравацца трыма словамі: памяць, любоў і суцяшэнне", - сказаў ён.

Папа заўважыў, што Сэрца Езуса з’яўляецца “кампендыем Яго міласэрнасці” і нагадвае пра ахвяру Хрыста, пра Яго дабрыню і бескарыслівасць. Аднак, у штодзённай спешцы і няспынных клопатах можна забыць пра спагаду і згубіць сардэчную памяць, а значыць пазбавіцца каранёў і перастаць развівацца, - папярэдзіў Пантыфік, заклікаючы памятаць пра людзей, якія “адаралі нас любоўю, клопатам, дапамогай”. У сувязі з гэтым ён выказаў падзяку медыкам за цяпло і клопат, якія спазнаў ва ўніверсітэцкай клініцы некалькі месяцаў таму.

Святы Айцец заклікаў умацоўваць памяць пра Божую любоў на эўхарыстычнай адарацыі, а таксама развіваць "мастацтва запамінання", “збіраючы скарб з абліччаў, якія сустракаем”. “Нам карысна ўзгадваць па вечарах пра абліччы, якія сустрэлі, усмешкі, якія атрымалі, пра добрыя словы. Гэта ўспаміны пра любоў, якія дапамагаюць нашай памяці знайсці сябе. Наколькі важнымі з'яўляюцца такія ўспаміны ў шпіталі! Яны могуць напоўніць сэнсам дзень хворага. Братэрскае слова, усмешка, ласкавы жэст: успаміны пра гэта аздараўляюць знутры, яны вельмі карысныя. Не будзем забываць пра тэрапію ўспамінамі!”, - заахвоціў Пантыфік.

Папа нагадаў таксама, што Сэрца Езуса было “гарачым, параненым любоўю, прабітым за нас на крыжы”. Таму, “калі мы хочам па-сапраўднаму любіць Бога, павінны горача любіць чалавека, кожнага чалавека”, асабліва тых, каму знаёмы боль, пакінутасць, адчужанасць. “Калі служым людзям, якія пакутуюць, мы суцяшаем і радуем Сэрца Хрыста”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што міласэрнасць і любоў з’яўляюцца найлепшым сведчаннем, якое нават не патрабуе слоў. “Будзем прасіць аб ласцы гарачай любові да чалавека, чалавека, які пакутуе, аб захапленні служэннем, каб Касцёл, яшчэ перш, чым усялякія словы, захоўваў сэрца, што б’ецца любоўю”, - дадаў ён.

У апошняй частцы гаміліі Пантыфік заўважыў, што Сэрца Езуса нясе суцяшэнне, асабліва патрэбнае перад абліччам шматлікіх хвароб, страху і адчування сябе малымі і ўразлівымі, якое абвастрыла пандэмія. Каб не трапіць у адчай, мы патрабуем суцяшэння, а Сэрца Езуса б’ецца за нас, адбіваючы рытм словамі: “Адважней, не бойся!”.

“Калі будзем глядзець на рэчаіснасць з пункту гледжання велічы Яго Сэрца, тады змяняецца перспектыва і наш погляд на жыццё, бо згодна са словамі апостала Паўла, мы пачынаем разумець "любоў, якая перавышае ўсялякае разуменне”, - нагадаў Францішак. Нават аднаго суцяшальнага жэсту дастаткова, каб напоўніць сэнсам дзень хворага чалавека, - сказаў ён і заклікаў вернікаў прасіць Бога аб дары суцяшаць бліжніх.

“Езус адкрывае на супрацоўніцтва і згуртаванасці сэрцы людзей, якія клапоцяцца пра хворых. Твайму Сэрцу, Пане, давяраем пакліканне да клопату: дазволь нам адчуць дарагой кожную асобу, якая набліжаецца да нас у патрэбе”, - завяршыў гамілію Пантыфік.
 

05 лістапада 2021, 12:08