Папа: св. Юзаф вучыць распазнаваць і цаніць істотнае

Св. Юзаф нагадвае нам, што па-сапраўднаму каштоўнае не прыцягвае нашай увагі і патрабуе цярплівага распазнання, каб адкрыць і ацаніць гэта, - перакананы Францішак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 17 лістапада 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны зямному бацьку Езуса. Ён нагадаў, што 8 снежня 1870 г. бл. Пій ІХ абвясціў св. Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла, і цяпер, у сувязі са 150-й гадавінай гэтай падзеі, праходзіць спецыяльны год, прысвечаны постаці святога. Пантыфік падкрэсліў, што ў актуальны крызісны час св. Юзаф можа стаць “падтрымкай, суцяшэннем і правадніком” і выказаў надзею на тое, што новы цыкл катэхез дапаможа кіравацца яго прыкладам і сведчаннем.

Папа заўважыў, што імя Юзаф на яўрэйскай мове значыць “Бог дадасць”. Яно паказвае галоўны аспект асобы Абранніка Панны Марыі, які быў чалавекам, напоўненым верай у Божы Провід: “Кожнае яго дзеянне, апісанае ў Евангелле, пазначана ўпэўненасцю ў тым, што Бог “дапамагае ўзрасціць”, Бог “павялічвае”, Бог “дадае”, гэта значыць, што Бог клапоціцца пра спаўненне сваёй задумы збаўлення”.

Важную ролю ў разуменні асобы св. Юзафа граюць таксама галоўныя геаграфічныя ўзгадкі, якія тычацца яго постаці – Бэтлеем і Назарэт. У Старым Запавеце горад Бэтлеем называецца Beth Lechem, “Дом хлеба”, або Эфрата, па назве племені, якое насяляла гэту тэрыторыю. На арабскай мове Бэтлеем значыць “Дом мяса”, магчыма ў сувязі з тым, што ў рэгіёне было шмат статкаў авечак і коз. “Невыпадкова, насамрэч, што калі нарадзіўся Езус, пастухі былі першымі сведкамі гэтай падзеі”, - заўважыў Пантыфік, а таксама нагадаў, што такія параўнанні ў святле гісторыі Хрыста адсылаюць да таямніцы Эўхарыстыі: Езус – жывы Хлеб, які сышоў з неба.

Бэтлеем шмат разоў ўзгадваецца ў Бібліі, пачынаючы з Кнігі Быцця. З гэтым горадам звязана гісторыя Рут, нашчадкам якой быў кароль Давід, продак св. Юзафа. Папа спаслаўся таксама на прароцтва Міхея, які прадвяшчаў, што валадар Ізраэля прыйдзе менавіта з Бэтлеема. Евангеліст Мацвей, у сваю чаргу, суадносіў гэта прароцтва з гісторыяй Езуса.

Францішак звярнуў увагу на тое, што Божы Сын выбраў у якасці месца свайго ўцелаўлення не Іерусалім, а Бэтлеем і Назарэт – “два перыферыйныя мястэчкі, удалечыні ад гучных падзей і тагачаснай улады”. У Іерусаліме, “святым горадзе”, выбраным Богам, сяліліся настаўнікі Закона, кніжнікі і фарысеі, першасвятары і старэйшыны народу, - зазначыў ён.

“Выбар Бэтлеема і Назарэта кажа нам, што Бог аддае перавагу перыферыям і ўскраінам... Не прымаць сур’ёзна гэтай рэальнасці значыць не ўспрымаць усур’ёз Евангелле і Божую справу, якая працягвае аб’яўляцца на геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферыях”, - сказаў Папа, нагадваючы, што і Езус прабываў у такіх месцах: шукаў грэшнікаў, уваходзіў у іх дамы, размаўляў з імі, заклікаў да навяртання.

На думку Папы, Касцёл пакліканы наследаваць гэты прыклад і абвяшчаць Добрую навіну, пачынаючы з перыферый. Юзаф, які быў цесляром з Назарэту, нагадвае Касцёлу, “каб скіроўваў позірк на тое, што свет ахвотна ігнаруе”, - падкрэсліў ён.

“Сёння св. Юзаф вучыць нас: “Не глядзіце шмат на тое, што свет праслаўляе, глядзіце ў куты, у цені, на перыферыі, на тое, чаго свет не хоча”. Ён нагадвае кожнаму з нас цаніць тое, што іншыя не прымаюць. У такім сэнсе ён – сапраўдны настаўнік істотнага: нагадвае нам, што па-сапраўднаму каштоўнае не прываблівае нашай увагі, але патрабуе цярплівага распазнання, каб адкрыць і ацаніць гэта... Папросім яго аб заступніцтве, каб увесь Касцёл вярнуў сабе такі позірк, гэту здольнасць распазнаваць і цаніць істотнае. Вырушым з Бэтлеема, вырушым з Назарэту”, - заклікаў Папа.

Францішак прызнаўся, што жадае скіраваць гэта пасланне да ўсіх людзей, якія жывуць на самых забытых геаграфічных перыферыях свету і перажываюць сітуацыі экзістэнцыяльнай маргіналізацыі, “каб маглі знайсці ў св. Юзафе сведку і абаронцу, у якога трэба ўглядацца”. 
 

17 лістапада 2021, 10:47

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >