Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Палестыны Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Палестыны 

Прэзідэнт Палестыны на аўдыенцыі ў Святога Айца

4 лістапада 2021 г. Папа прыняў Прэзідэнта Палестыны Махмуда Абаса, пасля чаго палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што падчас добразычлівых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце, адзначаліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Дзяржавай Палестына і абмяркоўваліся пытанні, якія ўяўляюць агульны інтарэс.

Прызнавалася патрэба ў прасоўванні агульначалавечага братэрства і мірнага суіснавання паміж рознымі веравызнаннямі. Адносна пытання мірнага працэсу паміж ізраільцянамі і палестынцамі бакі падкрэслівалі абсалютную неабходнасць рэактывізацыі прамога дыялогу для дасягнення рашэння, заснаванага на прынцыпе дзвюх дзяржаў, у тым ліку з дапамогай больш актыўнай дзейнасці міжнароднай супольнасці.

Адзначалася, што Іерусалім павінен прызнавацца ўсімі як месца сустрэчы, а не канфлікту, і што яго status quo павінна спрыяць захаванню тоеснасці і паўсюднай каштоўнасці Святога горада для ўсіх трох абрамічных рэлігій, у тым ліку праз спецыяльны статус, гарантаваны на міжнародным узроўні.

Бакі размаўлялі таксама пра неадкладную неабходнасць у працы на карысць міру, пазбягаючы выкарыстання зброі і змагаючыся з усімі формамі экстрэмізму і фундаменталізму.
 

04 лістапада 2021, 14:55