Анёл Панскі: вера ўцелаўляецца ў канкрэтным жыцці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак заўважыў, што ў евангельскім чытанні на Трэцюю нядзелю Адвэнта паказаны розныя групы – натоўпы, мытнікі і жаўнеры, – якія, будучы ўражанымі пропаведдзю Яна Хрысціцеля, пыталіся: “Што мы павінны рабіць?” (Лк 3,10). На думку Святога Айца, ля вытокаў гэтага пытання знаходзіцца не пачуццё абавязку: задацца ім падштурхоўвае сэрца, да якога дакрануўся Пан, запал і радасць, выкліканыя Яго прыйсцем.
“Падказваючы нам гэта пытанне Евангелле нагадвае адну важную рэч: жыццё ставіць перад намі заданне. Жыццё – не бессэнсоўнае, не было даверана нам выпадкова. Не! Жыццё – гэта дар, які Пан уручае нам, кажучы: пазнай кім з’яўляешся і вазьміся за працу, каб споўніць мару, якой ёсць тваё жыццё! Кожны з нас – давайце не забываць гэтага – з’яўляецца місіяй, якая павінна быць споўнена. Таму не будзем баяцца пытацца ў Пана: што я павінен рабіць? Давайце будзем часта задавацца гэтым пытаннем”, - заклікаў Францішак. Ён, прапанаваў вернікам задумацца пра тое, якое дабро яны могуць зрабіць для сябе і братоў, чым могуць дапамагчы Касцёлу і грамадству.
“Перыяд Адвэнту патрэбны для таго, каб спыніцца і спытацца ў сябе пра тое, як падрыхтавацца да Божага нараджэння. Мы заклапочаны шматлікімі прыгатаваннямі, падарункамі, рэчамі, якія мінаюць, але спытаемся ў сябе: што мы можам зрабіць для Езуса і для іншых?”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што Ян Хрысціцель даваў розныя парады для кожнай групы людзей: тым, хто мае дзве тунікі, ён раіў падзяліцца з тымі, хто не мае ніводнай; мытнікам, якія збіралі падаткі, казаў: “Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце” (Лк 3,31); а жаўнерам: “Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва” (Лк 3,14). “Да кожнага скіравана асаблівае слова, якое тычыцца рэальных сітуацый яго жыцця. Гэта дае нам каштоўны ўрок: вера ўцелаўляецца ў канкрэтным жыцці. Вера – гэта не абстрактная і агульная тэорыя, яна дакранаецца цела і перамяняе жыццё кожнага”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што ўчынкі, да якіх мы пакліканы, павінны быць канкрэтнымі. “Давайце возьмем на сябе канкрэтны абавязак, хоць невялікі, які будзе адпавядаць нашай жыццёвай сітуацыі, і споўнім яго, каб падрыхтавацца да гэтага Божага Нараджэння. Напрыклад: я магу патэлефанаваць самотнаму чалавеку, адведаць пажылога ці хворага, зрабіць нешта, каб паслужыць беднаму, таму, хто знаходзіцца ў патрэбе. Яшчэ: магчыма я павінен папрасціць прабачэння, прабачыць, праясніць сітуацыю, вярнуць доўг. Магчыма я занядбаў малітву і пасля доўгага часу настаў момант спазнаць прабачэнне Пана. Браты і сёстры, давайце знойдзем штосьці канктэтнае і зробім гэта! Няхай нам дапаможа Маці Божая, ва ўлонні якой уцелавіўся Бог”, - пажадаў вернікам Пантыфік.