Папа ставіць кошык белых руж да падножжа калоны з статуяй Маці Божай Папа ставіць кошык белых руж да падножжа калоны з статуяй Маці Божай 

Францішак аддаў пашану Марыі Беззаганнай

8 снежня 2021 г. у 6.15 Папа паехаў на Іспанскую плошчу ў Рыме, каб ушанаваць Марыю Беззаганную. Ён паставіў кошык белых руж да падножжа калоны з статуяй Маці Божай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт у знакавае месца меў прыватны характар. Францішак маліўся да Багародзіцы, “просячы ў Яе цуду вылячэння для многіх хворых, вылячэння для народаў, якія моцна пакутуюць ад войнаў і кліматычнага крызісу, а таксама навяртання, каб растапіла каменныя сэрцы тых, хто будуе сцены, жадаючы адгарадзіцца ад пакут іншых”, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

У 6.20 Пантыфік пакінуў П’яцца-дзі-Спанья і накіраваўся ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе працягнуў малітву перад іконай апякункі Вечнага горада – Маці Божай Salus Populi Romani. У 7.00 ён быў ужо ў Ватыкане.

Сёлета, як і ў 2020 годзе, традыцыйнае штогадовае набажэнства Папы не суправаджалі натоўпы пілігрымаў: рашэнне адправіцца на плошчу ў незвычайны час, а не ў другой палове дня, было абумоўлена цяперашняй надзвычайнай эпідэмічнай сітуацыяй, каб пазбегнуць любой рызыкі заражэння, выкліканага шматлюднымі сходамі.
 

08 снежня 2021, 11:30