Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак напісаў ліст да сужэнцаў

Бог суправаджае вас, Ён любіць вас безумоўна, - напісаў Францішак у лісце да сужэнцаў, прымеркаваным да Года Сям’і Amoris Laetitia. Ён быў апублікаваны 26 снежня 2021 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа нагадаў адрасатам свайго паслання, што дзеці пільна ўглядаюцца ў сваіх бацькоў і шукаюць у іх “доказ моцнай і нязменнай любові”. Ён падкрэсліў, што сям'я – гэта першае выхаваўчае асяроддзе, дзе рэалізуюцца "маленькія жэсты", якія "больш красамоўныя, чым словы".

Святы Айцец адзначыў, што “ў Касцёле і ў грамадстве ўзрасло ўсведамленне ідэнтычнасці і місіі свецкіх вернікаў”. Іх заданне заключаецца як у “трансфармацыі грамадства”, так і ў імкненні да “дапаўнення харызмы і пакліканняў” у парафіях і дыяцэзіях. Ён заахвоціў сужэнцаў да ўдзелу ў місіі Касцёла, асабліва праз душпастырства сем’яў.

Пакліканне да сужэнства – гэта заклік кіраваць лодкай, няўстойлівай, але бяспечнай, звязанай з рэчаіснасцю сакрамэнту, - напісаў Папа. Ён растлумачыў, што, даверыўшы сябе Богу, сужэнцы “змогуць жыць тым, што здаецца немагчымым”, і што “шлях да гэтага – прызнаць сваю слабасць і бездапаможнасць, якія мы адчуваем перад тварам шматлікіх сітуацый навокал”.

Францішак заклікаў сем’і заставацца месцам прыняцця і разумення. “Захоўвайце ў сэрцы параду, якую я даў сямейным парам і якая заключаецца ў трох словах “калі ласка, дзякуй і прабач”. А калі ўзнікае канфлікт, “ніколі не дазваляйце сямейнаму дню заканчвацца без прымірэння”. Не саромейцеся ўкленчыць разам перад Езусам, прысутным у Эўхарыстыі, каб перажыць хвіліны спакою і ўзаемнага позірку, поўныя пяшчоты і дабрыні. Або вазьміце за руку іншага чалавека, калі ён крыху злуецца, і пераканайце яго ўсміхнуцца ў адказ. А можа, увечары перад сном разам з Езусам, прысутным сярод вас, скажыце кароткую малітву,” - прапанаваў Святы Айцец.

Пантыфік прызнаў, што некаторым парам было асабліва цяжка быць разам падчас каранціну, гэта пагаршала існуючыя праблемы, ствараючы “канфлікты, якія часта станавіліся невыноснымі”. “Многія нават перажылі разрыў адносін, што знаходзіліся ў крызісе, не могучы ці не жадаючы яго пераадолець. Я таксама хацеў бы выказаць гэтым людзям сваю блізкасць і любоў”, - напісаў Папа.

Францішак звярнуўся да маладых людзей, якія рыхтуюцца да шлюбу, заахвоціўшы іх заўсёды давяраць Провіду, бо “часам менавіта цяжкасці адкрываюць у кожным з нас магчымасці, пра якія мы нават не здагадваліся”.

У сваім адмысловым лісце Святы Айцец перадаў прывітанне бабулям і дзядулям, “якія падчас ізаляцыі не змаглі бачыць сваіх унукаў і быць з імі”, а таксама пажылым людзям, якія падчас лакдаўна пакутавалі ад адзіноты.

Год Сям’і Amoris Laetitia распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 19 сакавіка 2021 года, ва ўрачыстасць св. Юзафа. Яго завершыць 26 чэрвеня 2022 г. X Сусветная сустрэча сем’яў.
 

26 снежня 2021, 13:33