Пантыфік сустрэўся з прадстаўніком Патрыярха Маскоўскага
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас размовы, якая прайшла ў духу братэрства, былі абмеркаваны некаторыя пытанні, што выклікаюць агульны клопат і адносна якіх існуе агульнае імкненне шукаць канкрэтныя чалавечыя і духоўныя адказы, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.
На сустрэчы Святы Айцец выказаў удзячнасць за добрыя пажаданні на яго 85-годдзе, якія Старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязей перадаў ад Патрыярха Кірыла.
Францішак засведчыў прыхільнасць і блізкасць да Рускай Праваслаўнай Царквы і яе Прадстаяцеля, які нядаўна адзначыў сваё 75-годдзе, з удзячнасцю ўспамінаючы пра сумесны шлях братэрства і размову, якая адбылася ў Гаване ў 2016 годзе.
Пасля сустрэчы Папа і Мітрапаліт абмяняліся падарункамі. Іларыён уручыў абраз Багародзіцы “Знаменне”, Святы Айцец – мазаіку з выявай Мадонны “Сінкатабазіс”, а таксама некалькі тамоў папскіх дакументаў, Пасланне міру на 2022 год і Дакумент аб чалавечым братэрстве.
Сустрэча працягвалася каля гадзіны.