Падчас аўдыенцыі для Мітрапаліта Іларыёна. Ілюстрацыйнае фота Падчас аўдыенцыі для Мітрапаліта Іларыёна. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік сустрэўся з прадстаўніком Патрыярха Маскоўскага

22 снежня 2021 г. у 7.50 Францішак прыняў Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна. Гэта адбылося перад агульнай аўдыенцыяй у кабінеце Залы Паўла VI.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас размовы, якая прайшла ў духу братэрства, былі абмеркаваны некаторыя пытанні, што выклікаюць агульны клопат і адносна якіх існуе агульнае імкненне шукаць канкрэтныя чалавечыя і духоўныя адказы, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

На сустрэчы Святы Айцец выказаў удзячнасць за добрыя пажаданні на яго 85-годдзе, якія Старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязей перадаў ад Патрыярха Кірыла.

Францішак засведчыў прыхільнасць і блізкасць да Рускай Праваслаўнай Царквы і яе Прадстаяцеля, які нядаўна адзначыў сваё 75-годдзе, з удзячнасцю ўспамінаючы пра сумесны шлях братэрства і размову, якая адбылася ў Гаване ў 2016 годзе.

Пасля сустрэчы Папа і Мітрапаліт абмяняліся падарункамі. Іларыён уручыў абраз Багародзіцы “Знаменне”, Святы Айцец – мазаіку з выявай Мадонны “Сінкатабазіс”, а таксама некалькі тамоў папскіх дакументаў, Пасланне міру на 2022 год і Дакумент аб чалавечым братэрстве.

Сустрэча працягвалася каля гадзіны.
 

22 снежня 2021, 10:12