Сустрэча з супрацоўнікамі структур Ватыкана і Святога Пасаду Сустрэча з супрацоўнікамі структур Ватыкана і Святога Пасаду 

Пантыфік: Езус нараджаецца там, дзе пануе любоў

23 снежня 2020 года Папа прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў структур Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, разам з членамі іх сем’яў. Сустрэча адбылася ў Зале Паўла VI з нагоды Божага Нараджэння.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Няхай Езус зможа нарадзіцца ў вашых сэрцах і вашых сем’ях. А як нараджаецца Езус? – У любові. Гэта кажа таксама знакаміты рэлігійны спеў: “Дзе любоў, там ёсць Бог”. Бог нараджаецца там, дзе любоў становіцца канкрэтнай, становіцца блізкасцю, ласкавасцю, спагадай”, - сказаў сваім гасцям Францішак.

Папа заклікаў падчас Божага Нараджэння не забываць пра бабуль і дзядуль, не пакідаць іх у самотнасці, бо сучасная “культура адчужэння” заўсёды імкнецца спісаць пажылых людзей ва ўтыль, у той час як яны з’яўляюцца скарбам і крыніцай мудрасці.

Святы Айцец пажадаў, каб Божае Нараджэнне прынесла сем’ям ватыканскіх работнікаў крыху супакою, асабліва пасярод эканамічных і псіхалагічных праблем, выкліканых пандэміяй. Ён заўважыў, што ў актуальны перыяд, нягледзячы на ўсе цяжкасці, у Ватыкане прыкладаліся вялікія намаганні, каб ніхто не страціў працоўнае месца.

Папа пажадаў, каб некаторыя праблемы, якія ўзніклі ў гэты час, былі вырашаны шляхам дыялогу, з павагай да правоў работнікаў і агульнага дабра. Ён таксама заклікаў да малітвы праз заступніцтва святога Юзафа, абаронцы Езуса і Панны Марыі, які вучыць прыняццю Божай волі і спаўненню яе.

“Як вучыць нас гісторыя Юзафа і Марыі, сям’я – гэта прывілеяванае месца, у якім праяўляецца Божы Провід. Таму хачу пажадаць таксама і вам, кожнай вашай сям’і, менавіта гэтага: спазнаць бацькоўскую руку Бога, якая кіруе нашымі крокамі на Яго шляхах, дзеля дабра сужонкаў, дабра дзяцей, дабра ўсёй сям’і. Божыя задумы не заўсёды зразумелыя; часта яны становяцца бачнымі з часам, патрабуюць цярплівасці; а ў першую чаргу яны патрабуюць веры, моцнага даверу да таго, што Бог заўсёды жадае нам толькі дабра, вялікага дабра для нас і нашых блізкіх. Таму мы павінны наследаваць прыклад святога Юзафа, што значыць цалкам давяраць Богу”, - падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з супрацоўнікамі структур Ватыкана і Апостальскай Сталіцы і членамі іх сем’яў.

23 снежня 2021, 12:44