Папа Францішак і арцыбіскуп Альда Джардана. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і арцыбіскуп Альда Джардана. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец моліцца за памерлага нунцыя пры Еўрапейскім Саюзе

Святы Айцец моліцца за памерлага арцыбіскупа Альда Джардана – Апостальскага нунцыя пры Еўрапейскім Саюзе, які адышоў у вечнасць 2 снежня 2021 г. у 67-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік выказаў спачуванні родным і блізкім спачылага іерарха, каталіцкай супольнасці італьянскай дыяцэзіі Кунэа, з якой паходзіў арцыбіскуп Джардана, а таксама ўсім, хто яго ведаў і паважаў.

“Святы Айцец з удзячнасцю думае пра руплівае святарскае жыццё і вернае служэнне гэтага вельмі сціплага і велікадушнага чалавека Касцёла, спачатку на карысць дыяцэзіі Кунэа і Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, потым Апостальскай Сталіцы ў якасці Пастаяннага назіральніка пры Савеце Еўропы”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы.

Францішак з удзячнасцю ўзгадвае таксама дыпламатычнае і душпастырскае служэнне іерарха ў якасці Апостальскага нунцыя ў Венесуэле, а потым пры Еўрапейскім Саюзе. “На ўсіх пасадах, давераных яму, арцыбіскуп Джардана дзейнічаў з мудрасцю, раскрываючы найлепшыя якасці свайго розуму і сэрца, і даючы сведчанне шчырай любові да чалавека і безумоўнай любові да Касцёла”, - падкрэсліваецца ў тэлеграме.

Пантыфік моліцца аб вечным супакоі для душы гэтага вернага слугі Евангелля, а таксама за ўсіх, хто аплаквае яго смерць, - запэўніў кардынал Паралін, выказваючы таксама спачуванні ад імя ўсяго Дзяржаўнага Сакратарыяту.

Арцыбіскуп Альда Джардана быў пахаваны 9 снежня 2021 г. у сваім родным горадзе Кунэа на поўначы Італіі.
 

09 снежня 2021, 15:30