Францішак у Грэцыі: мігранты – героі жудаснай сучаснай Адысеі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
4 снежня 2021 г. Францішак наведаў Прэзідэнцкі палац у Афінах, дзе сустрэўся з Прэзідэнтам Грэцыі Катарынай Сакеларапулу і Прэм’ер-міністрам Кірыякісам Міцатакісам, а таксама звярнуўся да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
Францішак пачаў сваю прамову, цытуючы словы св. Грыгорыя Назіянскага, які прызнаваўся, што, шукаў у Афінах красамоўства, але знайшоў шчасце. “Я прыбываю як пілігрым у гэтыя месцы, багатыя духоўнасцю, культурай і цывілізацыяй, каб зачарпнуць таго самага шчасця, якое натхняла вялікага Айца Касцёла”, - сказаў Пантыфік.
Папа нагадаў, што Грэцыя дапамагла чалавецтву ўзнесці позірк да неба: Алімп, Акропаль, Афон заклікаюць людзей усіх часоў “скіроўваць жыццёвае падарожжа ўгару”, да Бога, “бо мы ўсе патрабуем трансцэндэнтнасці, каб быць па-сапраўднаму чалавечнымі”.
Святы Айцец заўважыў, што Афіны, заклікаюць таксама скіраваць позірк на іншага чалавека, будучы радзімай дэмакратыі, якая “патрабуе ўдзелу і ўключэння ўсіх”. Дэмакратыя “вымагае высілкаў і цярплівасці”, але сёння ў многіх часткай свету назіраецца яе заняпад.
Папа заўважыў, што ў параўнанні з аўтарытарызмам і папулізмам, якія прапануюць хуткія і простыя рашэнні праблем, дэмакратыя з’яўляецца складанай, што выклікае ў многіх скептычнае стаўленне да яе. “Але ўдзел у жыцці грамадства ўсіх яго членаў – гэта асноватворная патрэба; не толькі для дасягнення супольных мэтаў, але і таму што адпавядае нашай прыродзе: сацыяльных істот, непаўторных, а ў той жа ўзаемазалежных”, - сказаў Пантыфік.
Іншая прычына скептычных адносін да дэмакратыі, на думку Святога Айца, заключаецца ў частым аддаленні дэмакратычных структур ад патрэб людзей. Выйсцем з сітуацыі павінна стаць “мастацтва добрай палітыкі”, скіраванай на агульнае дабро, на клопат пра самыя неабароненыя слаі грамадства і сацыяльную справядлівасць. Важна перайсці ад партыйнага супрацьстаяння да клопату пра дабро ўсіх, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што гэта дабро патрабуе вырашэння праблем, звязаных з кліматам, пандэміяй, агульным рынкам і рознымі формамі беднасці.
“Гэта выклікі, якія патрабуюць канкрэтнага і актыўнага супрацоўніцтва”, пераадолення “нацыяналістычных прэтэнзій”, адкрытасці на мультылатэралізм, перавагі супольных інтарэсаў над прыватнымі.
“Гэта можа здавацца ўтопіяй, безнадзейным падарожжам па неспакойным моры, доўгай і неажыццявімай Адысеяй. Але падарожжа па ўсхваляваным моры, як вучыць вялікае апавяданне Гамера, гэта часта адзіны магчымым шлях, а дасягнуць мэты можна толькі, натхняючыся жаданнем дома, імкненнем ісці наперад разам”, - сказаў Папа, адзначаючы ў гэтым кантэксце паразуменне паміж Грэцыяй і Паўночнай Македоніяй.
Францішак узгадаў пра нядаўнія пажары ў Грэцыі, да якіх прывялі метэрыалагічныя катаклізмы, справакаваныя кліматычнымі зменамі. Ён з жалем заўважыў, што пажары знішчылі векавыя аліўкавыя дрэвы. У той жа час Папа падкрэсліў, што аліўкая галінка з’яўляецца сімвалам таго, што “заўсёды можна пачаць спачатку, змяніўшы лад жыцця, аднавіўшы адносіны са Стварыцелем, стварэннямі і стварэннем”, як зрабіў Ной пасля Усясветнага патопу.
На старонках Святога Пісання аліўкавае дрэва азначае таксама “заклік да салідарнасці, у прыватнасці да тых, хто не прыналежыць да ўласнага народу”. У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў еўрапейскую супольнасць да пошуку агульнага адказу на міграцыйную праблему і скіравання ўвагі да найбольш патрабуючых, каб, “згодна з магчымасцямі кожнай краіны, яны былі прыняты, абаронены, падтрыманы і інтэграваны ў поўнай павазе да іх чалавечых правоў і годнасці”.
Папа падкрэсліў, што мігранты з’яўляюцца “галоўнымі дзеючымі асобамі жудаснай сучаснай Адысеі”. Ён заўважыў, што прызнанне таго факту, што ўсе людзі прыналежаць да адной чалавечай сям’і дапаможа ў будаванні мірнай будучыні ва ўсім свеце. “Давайце пераменім у адважную магчымасць тое, што здаецца толькі злашчасным бедствам!”, - заклікаў ён.
Францішак звярнуў увагу на праблемы, звязаныя з пандэміяй, адзначаючы важнасць усеагульнай вакцынацыі, адказнасці грамадзян, а таксама нагадваючы, што “правам з’яўляецца жыццё, а не смерць, якая павінна прымацца, а не “ўдзяляцца”.
На думку Святога Айца, старажытныя аліўкавыя дрэвы Міжземнамор’я, нагадваюць таксама пра важнасць захавання каранёў. Спасылаючыся на 200-годдзе незалежнасці Грэцыі ён заўважыў, што чалавечая свабода – самы вялікі дар Бога. “Ён стварыў нас свабоднымі і найбольш радуецца, калі мы свабодна любім Яго і бліжняга”, - сказаў Пантыфік.
“Дзякую вам за намаганні і заклікаю развіваць гэту краіну ў адкрытасці, інклюзіўнасці і справядлівасці. З гэтага горада, з гэтай калыскі цывілізацыі ўзносіўся і заўсёды ўзносіцца пасланне, якое скіроўвае да Вышыняў і да бліжняга; якое адказвае дэмакратыяй на спакусу аўтарытарызму; якое супрацьпастаўляе індывідуалістычнай абыякавасці клопат пра бліжняга, беднага і стварэнне, што з’яўляецца асновай абноўленага гуманізма, якога патрабуе наш час і наша Еўропа”, - завяршыў прамову да грэчаскіх эліт Святы Айцец.