Пантыфік да навуковай супольнасці: натхняцца надзеяй і служэннем
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Полымя, надзея і служэнне – гэтыя паняцці, паводле Папы, адлюстроўваюць місію міланскага каталіцкага ўніверсітэта, які сёлета адзначае сваё 100-годдзе, у сучасным свеце.
“Адукацыя – гэта не запаўненне пасудзіны, а распальванне агню”, - прывёў Пантыфік старажытную прыказку, падкрэсліўшы, што ўніверсітэт з’яўляецца захавальнікам і перадатчыкам гэтага полымя.
Разважаючы над паняццем “надзея”, Святы Айцец заўважыў, што цяперашняя адукацыя знаходзіцца пад уздзеяннем індывідуалістычнай культуры, якая ўзвышае эга, распаўсюджвае абыякавасць і сегрэгацыю на карысных і непатрэбных, прымяншае каштоўнасць салідарнасці. Ён заклікаў універсітэцкую супольнасць натхняцца надзеяй, якая робіць стаўку на будучыню, пераадольваючы натуральную цягу замкнуцца ў стабільнай і ілюзорнай сучаснасці. Тут асабліва важныя “адкрытасць і прыняцце іншага”, паколькі гэтыя якасці “спрыяюць моцным сувязям паміж пакаленнямі і пераадольваюць індывідуалістычныя наступствы нашай культуры”.
Гаворачы пра “цалкам узаемазалежны” сучасны свет, Папа звярнуў увагу на састарэласць “інтэрпрэтацыйных рамак мінулага”, якія перашкаджаюць зразумець сучаснасць. Таму неабходна “ствараць новыя мадэлі мыслення, каб знайсці рашэнні надзённых праблем, якія трэба пераадольваць”, ад экалагічных да эканамічных, ад сацыяльных да дэмаграфічных.
“Нам патрэбна новае, творчае мысленне. Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца можа стаць прывілеяваным месцам для паглыбленага развіцця такой культурнай спадчыны”, - лічыць Святы Айцец.
Трэцяе паняцце, над якім заклікаў паразважаць Пантыфік, – “служэнне”. Ён падкрэсліў, што на працягу стагоддзяў Універсітэт неаднаразова сведчыў сваю вернасць у служэнні Касцёлу і грамадству, і таму выказаў пажаданне, каб дух служэння і ў будучым заставаўся рысай усёй універсітэцкай супольнасці. Францішак заахвоціў выкладчыкаў і студэнтаў рухацца наперад “смела і цярпліва”, працягваць сваю місію з энтузіязмам.