Пошук

Святы Айцец: Бог патрабуе нашай пакоры, каб чыніць цуды

Каб чыніць цуды, Бог не патрабуе вялікіх сродкаў і нашых выключных здольнасцей, але нашай пакоры, нашага позірку, адкрытага на Яго і на іншых, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2021 г., Папа правёў малітву Анёл Панскі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Звяртаючыся на вернікаў ён заўважыў, што евангельскае чытанне на гэты дзень дапамагае ўвайсці ў дом Багародзіцы ў Назарэце, у якім Яна атрымала пасланне анёла. “У сценах дому асоба раскрывае сябе лепш, чым дзе-небудзь яшчэ. І менавіта ў гэтай хатняй прыватнай абстаноўцы Евангелле дорыць нам дэталь, якая адкрывае прыгажосць сэрца Марыі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што анёл назваў Панну Марыю “поўнай ласкі”, што значыць пазбаўленай зла, бязгрэшнай, беззаганнай. Евангельскі тэкст кажа, што ад такога прывітання Марыя збянтэжылася.

“Атрыманне гучных прывітанняў, ушанаванняў і пахвал часам пагражае выклікаць ганарыстасць і саманадзейнасць. Будзем памятаць, што Езус не быў ласкавым да тых, хто шукаў прывітанняў на плошчах, ліслівасці, бачнасці. Марыя, аднак, не заганарылася, а збянтэжылася; замест таго, каб адчуваць задавальненне, адчула здзіўленне. Прывітанне анёла Ёй здавалася большым за Яе. Чаму? – Бо ў душы Яна лічыла сябе малой, і гэта маласць, гэта пакора прывабіла позірк Бога”, - патлумачыў Пантыфік.

“Паміж сцен дома ў Назарэце мы бачым цудоўную рысу сэрца Марыі: атрымаўшы найвышэйшую пахвалу, Яна збянтэжылася, бо пачула, што да Яе было скіравана тое, што не суадносіла з сабой. Марыя, насамрэч, не атаясамлівала сябе з прэрагатывамі, ні на што не прэтэндавала, нічога не прыпісвала сваёй заслузе. Не была самалюбавалася, не ўзвышалася, бо ў сваёй пакоры была здольнай усё прымаць ад Бога. Таму Яна была свабоднай ад самой сабе, была цалкам скіравана да Бога і іншых людзей. Беззаганная Марыя не глядзела на сябе. Вось сапраўдная пакора: мець вочы, скіраваныя на на сябе, а на Бога і іншых”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў памятаць, што “гэта дасканаласць Марыі, поўнай ласкі, была абвешчана анёлам паміж сцен Яе дома: не на галоўнай плошчы Назарэта, але ў схаванасці, у самай вялікай пакоры”.

“У гэтым назарэцкім доміку білася найбольшае сэрца, якое калі-небудзь мела стварэнне. Дарагія браты і сёстры, гэта надзвычайная навіна для нас! Бо яна кажа нам, што Пан, каб чыніць цуды, не патрабуе вялікіх сродкаў і нашых выключных здольнасцей, але нашай пакоры, нашага позірку, акрытага на Яго і на іншых. Праз гэта пасланне, скіраванае паміж сцен маленькага дома, Бог змяніў гісторыю. Таксама і сёння Ён хоча рабіць вялікія справы разам з намі ў штодзённасці: у сям’і, на працы, у асяродках, дзе бываем штодня. Менавіта там, больш чым сярод вялікіх падзей гісторыі, падабаецца дзейнічаць Божай ласцы. Але я пытаюся: ці верым мы ў гэта або думаем, што святасць – гэта ўтопія, нешта для групы выбраных, пабожная ілюзія, несумяшчальная са звычайным жыццём?”, - сказаў Папа.

“Папросім Багародзіцу, каб вызваліла нас ад зманлівай думкі пра тое, што Евангелле – гэта адно, а жыццё – іншае; каб запаліла ў нас гарачае прагненне ідэалу святасці, якая тычыцца не святош і абразікаў, але штодзённага перажывання таго, што здараецца, з пакорай і радасцю, як Багародзіца, у свабодзе ад саміх сябе, з вачыма, скіраванымі на Бога і бліжняга, якога сустракаем. Не будзем губляць мужнасці: Пан кожнаму даў добрае палатно, каб вышываць святасць у штодзённым жыцці! А калі на нас абрынуцца сумневы адносна нашых магчымасцей, смутак, што вынікае з адчування сябе неадпаведнымі, дазволім, каб на нас паглядзелі “міласэрныя вочы” Багародзіцы, бо ніхто, хто прасіў Яе аб дапамозе, ніколі не быў пакінуты сам!”, - запэўніў Святы Айцец.
 

08 снежня 2021, 12:06

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >