Пошук

Папа падчас візіту ў сядзібу супольнасці Cenacolo Папа падчас візіту ў сядзібу супольнасці Cenacolo 

Папа да моладзі: не хавайце сэрца ад Бога

Францішак здзейсніў прыватны візіт у рымскую сядзібу брацтва Добрага Самараніна міжнароднай супольнасці Cenacolo, разам з членамі якой памаліўся на заканчэнне Года св. Юзафа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Вечарам 8 снежня 2021 г. Папа прыбыў у сядзібу супольнасці, якая на працягу амаль сарака гадоў дапамагае моладзі распачаць новае жыццё, пераадолеўшы цяжкія сітуацыі, звязаныя з беднасцю, адчужэннем, ужываннем алкаголю і наркотыкаў. На сённяшні дзень існуе каля 70 аддзяленняў гэтага аб'яднання, якія дзейнічаюць у 20 краінах свету.

Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі брацтваў, прысутных у Рыме і іншых гарадах Італіі, з сем’ямі, якія ўзніклі ўнутры супольнасці, а таксама з людзьмі, што рэгулярна атрымліваюць у ёй падтрымку і дапамогу.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што пасля прагляду фільма пра жыццё св. Юзафа, знятага выхаванцамі двух брацтваў у Меджугор’і, і выслухаўшы некалькі гісторый гасціннасці і адраджэння, якія перажылі члены абшчыны, Папа ўзяў слова, выказаўшы сваю падзяку прысутным і падтрымаўшы той шлях, на які паўстала моладзь.

“Не бойцеся рэальнасці, не бойцеся праўды, нашых недахопаў. Не бойцеся, бо Езусу рэальнасць падабаецца такой, якая яна ёсць, без прыкрас; Пану не падабаецца, калі людзі хаваюць сваю душу, хаваюць сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы членаў супольнасці Cenacolo працягваць клапаціцца пра моладзь, якая згубіла правільны шлях у жыцці.

Падчас візіту Францішак асабіста прывітаў кожнага прысутнага на сустрэчы, а таксама благаславіў новую капліцу, пабудаваную з матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся ў другі раз, на знак аднаўлення жыцця, якое адбываецца ўнутры абшчыны.

Перад вяртаннем у Ватыкан Пантыфік памаліўся з прысутнымі малітвай да св. Юзафа, змешчанай у яго Апостальскім лісце Patris Corde, давяраючы абароне гэтага святога свет і Касцёл, і завяршаючы спецыяльны Год св. Юзафа, які праходзіў з 8 снежня 2020 г. па 8 снежня 2021 г. з нагоды 150-годдзя абвяшчэння Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і зямнога бацькі Езуса апекуном Касцёла.
 

09 снежня 2021, 10:26