Папа да моладзі: не хавайце сэрца ад Бога
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Вечарам 8 снежня 2021 г. Папа прыбыў у сядзібу супольнасці, якая на працягу амаль сарака гадоў дапамагае моладзі распачаць новае жыццё, пераадолеўшы цяжкія сітуацыі, звязаныя з беднасцю, адчужэннем, ужываннем алкаголю і наркотыкаў. На сённяшні дзень існуе каля 70 аддзяленняў гэтага аб'яднання, якія дзейнічаюць у 20 краінах свету.
Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі брацтваў, прысутных у Рыме і іншых гарадах Італіі, з сем’ямі, якія ўзніклі ўнутры супольнасці, а таксама з людзьмі, што рэгулярна атрымліваюць у ёй падтрымку і дапамогу.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што пасля прагляду фільма пра жыццё св. Юзафа, знятага выхаванцамі двух брацтваў у Меджугор’і, і выслухаўшы некалькі гісторый гасціннасці і адраджэння, якія перажылі члены абшчыны, Папа ўзяў слова, выказаўшы сваю падзяку прысутным і падтрымаўшы той шлях, на які паўстала моладзь.
“Не бойцеся рэальнасці, не бойцеся праўды, нашых недахопаў. Не бойцеся, бо Езусу рэальнасць падабаецца такой, якая яна ёсць, без прыкрас; Пану не падабаецца, калі людзі хаваюць сваю душу, хаваюць сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы членаў супольнасці Cenacolo працягваць клапаціцца пра моладзь, якая згубіла правільны шлях у жыцці.
Падчас візіту Францішак асабіста прывітаў кожнага прысутнага на сустрэчы, а таксама благаславіў новую капліцу, пабудаваную з матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся ў другі раз, на знак аднаўлення жыцця, якое адбываецца ўнутры абшчыны.
Перад вяртаннем у Ватыкан Пантыфік памаліўся з прысутнымі малітвай да св. Юзафа, змешчанай у яго Апостальскім лісце Patris Corde, давяраючы абароне гэтага святога свет і Касцёл, і завяршаючы спецыяльны Год св. Юзафа, які праходзіў з 8 снежня 2020 г. па 8 снежня 2021 г. з нагоды 150-годдзя абвяшчэння Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і зямнога бацькі Езуса апекуном Касцёла.