Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да моладзі Святой Зямлі: будзьце верныя сваёй гісторыі

Папа скіраваў відэапасланне да моладзі Святой Зямлі. Яно было запісана падчас яго нядаўняга Апостальскага падарожжа на Кіпр і абнародавана напярэдадні Божага Нараджэння, 24 снежня 2021 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прызнаўся, што думае пра моладзь рэгіёну, у якім нарадзіўся Езус, мэта пілігрымак, якая шмат пакутуе ад пандэміі каронавіруса. “Часам вы не ведаеце, што рабіць, часам думаеце, што тут няма будучыні і таму разважаеце пра тое, каб эміграваць куды-небудзь... Калі ласка, на паддавайцеся гэтым негатыўным думкам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў заўсёды глядзець наперад, углядацца ў гарызонт, бо “гарызонт заўсёды ёсць у жыцці”. “За ім заўсёды ёсць абяцанне, і калі абяцанне гарантуецца Божым словам, яно не расчаруе ніколі. Надзея не расчаруе, Бог не расчаруе”, - запэўніў Пантыфік, заклікаючы моладзь прыкладаць намаганні на карысць сваёй радзімы.

“Спаўняйце тое чалавечае пакліканне, якім Бог адарыў вас! Не адмаўляйцеся ад яго, заўсёды глядзіце наперад, не пакідайце мару будаваць, дапамагаць развівацца вашаму народу, расці вашым караням, вашаму культурнаму багаццю, вашаму рэлігійнаму багаццю”, - заахвоціў моладзь Францішак.

“Пасярод беднасці, у час войнаў, абмежаванняў, бар’ераў, адсутнасці свабоды, падумайце пра яслі Езуса”, - параіў Святы Айцец, заклікаючы па прыкладзе Хрыста рабіць вялікія рэчы ў супярэчлівых абставінах. “Пастаўце на будучыню, рызыкніце, і ўбачыце, што Бог благаславіць вас!”, - запэўніў Пантыфік.
 

24 снежня 2021, 10:55