Папа падчас сустрэчы з істэблішментам Кіпра Папа падчас сустрэчы з істэблішментам Кіпра 

Папа да ўлад і грамадства Кіпра: мір – не заўсёды справа вялікіх

Кіпр, як скрыжаванне цывілізацый, мае прыроджанае пакліканне да сустрэчы, якому спрыяе ветлівы характар яго народа, - заўважыў Папа 2 снежня 2021 г. у Прэзідэнцкім палацы ў Нікасіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Звяртаючыся да ўлад, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, Францішак прызнаўся, што “прыехаў як пілігрым у краіну, геаграфічна невялікую, але вялікую гістарычна; на востраў, які на працягу стагоддзяў не ізаляваў народы, а аб'ядноўваў іх”.

Пантыфік нагадаў, што “менавіта з гэтага месца, дзе сустракаюцца Еўропа і Блізкі Усход, пачалася першая вялікая інкультурацыя Евангелля на кантыненце”, “тое, што першыя хрысціяне далі свету лагоднай сілай Духа, стала беспрэцэдэнтным пасланнем прыгажосці”. І Кіпр "атрымаў у спадчыну асаблівую адказнасць у гэтым плане – быць пасланнікам прыгажосці сярод кантынентаў”.

Чырвонай ніткай праз усю прамову Францішка праходзіў вобраз жэмчугу, для фарміраванне якога патрэбны час і пераўтварэнне, часам балючае. “Прыгажосць гэтай зямлі паходзіць ад культур, якія на працягу стагоддзяў тут сустракаліся і змешваліся. (...) Я таксама маю на ўвазе наяўнасць вялікай колькасці мігрантаў: у працэнтах больш, чым у любой іншай краіне Еўрасаюза. (...) Захаваць шматколерную і шматгранную прыгажосць цэлага – справа няпростая”, - адзначыў ён.

У гэтай сувязі Святы Айцец звярнуў увагу на “важнасць абароны і падтрымкі ўсіх членаў грамадства, асабліва тых, якія па статыстыцы складаюць меншасць”. “Я таксама думаю пра розныя каталіцкія арганізацыі, якія выйграюць ад адпаведнага інстытуцыйнага прызнання, каб унёсак, які яны робяць у грамадства сваёй дзейнасцю, асабліва сваёй адукацыйнай і дабрачыннай працай, можна было дакладна акрэсліць з юрыдычнага пункту гледжання”, - звярнуўся ён да кіпрскіх улад.

Францішак не абышоў і тэмы пандэміі. Ён прапанаваў ужо цяпер думаць пра стратэгію аднаўлення і заклікаў да “рашучай барацьбы” з карупцыяй і ўсім, што б’е ў годнасць асобы, у тым ліку з гандлем людзьмі.

Папа з жалем казаў пра так званы Кіпрскі канфлікт – канфлікт паміж грэка-кіпрыётамі з аднаго боку, і турка-кіпрыётамі і Турцыяй з другога, датычна форм дзяржаўнай і тэрытарыяльнай арганізацыі вострава. “Я думаю пра глыбокія пакуты ўсіх тых людзей, якія не могуць вярнуцца ў свае дамы і месцы культу. Малюся за мір паміж вамі, за мір на ўсім востраве, спадзяюся на гэта”, - прызнаўся ён.

На думку Папы, "Кіпр, як геаграфічнае, гістарычнае, культурнае і рэлігійнае скрыжаванне”, можа стаць міратворцам у рэгіёне. “Давайце падумаем у гэтай сувязі пра Міжземнае мора, якое цяпер, на жаль, з’яўляецца месцам канфліктаў і гуманітарнай трагедыі; у сваёй глыбокай прыгажосці – гэта Mare nostrum, мора ўсіх народаў, якія мяжуюць з ім, пакліканых быць злучанымі, а не падзеленымі”, - заўважыў Францішак.

Сваю прамову да істэблішменту Пантыфік завяршыў кароткай рэфлексіяй аб прымірэнні ў Еўропе: “Мір часта дасягаецца не вялікімі персонамі, а штодзённай рашучасцю звычайных людзей. Еўрапейскі кантынент патрабуе прымірэння і адзінства; яму патрэбны мужнасць і энтузіязм, каб рухацца наперад. Бо сцены страху і вета, прадыктаваныя нацыяналістычнымі інтарэсамі, не гарантуюць яго прагрэсу, і аднаўленне эканомікі не стане гарантыяй яго бяспекі і стабільнасці. Давайце зазірнём у гісторыю Кіпра, каб убачыць, як сустрэча і прыняцце прынеслі добрыя і трывалыя плёны. Не толькі ў дачыненні да гісторыі хрысціянства, для якога Кіпр быў “плацдармам” на гэтым кантыненце, але і для пабудовы грамадства, якое знайшло сваё багацце ў інтэграцыі. Гэты дух пашырэння, гэтая здольнасць глядзець па-за ўласныя межы прыносіць амаладжэнне і дазваляе паўторна адкрыць страчаны бляск”.

Перад сустрэчай з прадстаўнікамі ўлад, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, Францішак правёў прыватную размову з Прэзідэнтам Рэспублікі Кіпр Нікасам Анастасіадзісам.
 

02 снежня 2021, 18:00