Папа на агульнай аўдыенцыі: без пакоры немагчыма знайсці Бога

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI напярэдадні Божага Нараджэння, 22 снежня 2021 года, Францішак прысвяціў сваю катэхезу прыйсцю ў свет Божага Сына.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік нагадаў, што Марыя і Юзаф адправіліся з Назарэта ў Бэтлеем, каб прыняць удзел у перапісе, абвешчаным цэзарам Аўгустам. Па прыбыцці яны адразу пачалі шукаць месца для начлегу, а паколькі не знайшлі яго, Марыя была вымушана нарадзіць у стайні. Затым Анёл, Божы пасланнік, абвясціў Нараджэнне Езуса простым пастухам, а зорка, якая нагадвае, што нованароджанае Дзіця стане “святлом свету” (Ян 8,12), указала мудрацам дарогу да Бэтлеема.

“Пастухі ўвасабляюць бедных Ізраэля, пакорных людзей, якія жывуць з унутраным усведамленнем уласнай нястачы, і менавіта таму давяраюць Богу больш за іншых. Менавіта яны першымі ўбачылі Божага Сына, які стаў чалавекам, і гэта сустрэчы глыбока змяніла іх. Евангелле заўважае, што яны вярталіся “праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі” (Лк 2,20)”, - сказаў Папа.

Мудрацы, якія вырушылі з Усходу на пошук Юдэйскага караля, якога атаясамлівалі з Богам, прадстаўляюць усіх тых, хто шукае Бога і выходзіць у шлях, каб знайсці Яго, - патлумачыў Пантыфік, дадаючы, што да гэтых людзей адносяцца таксама людзі багатыя і магутныя, але выключна тыя, якія не з’яўляюцца нявольнікамі таго, чым валодаюць.

“Пасланне Евангелля – выразнае: нараджэнне Езуса з’яўляецца паўсюднай падзеяй, якая тычыцца ўсіх людзей”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што “толькі пакора з’яўляецца шляхам, які вядзе нас да Бога”.

“Толькі пакора адкрывае нас да сустрэчу з праўдай, сапраўднай радасцю, пазнаннем, якое мае вартасць. Без пакоры мы “вырваныя” з разумення Бога і разумення саміх сябе. Трэба быць пакорнымі, каб зразумець кім з’яўляемся, і тым больш, каб разумець Бога. Мудрацы маглі быць нават вялікімі згодна з логікай гэтага свету, але сталі малымі, пакорнымі, і менавіта па гэтай прычыне здолелі знайсці Езуса і распазнаць Яго”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што “кожны чалавек пакліканы шукаць Бога і з дапамогай Яго ласкі можа знайсці Яго”.

Францішак заклікаў усіх людзей прыйсці да Бэтлеемскай стаенкі, аддаць пашану Божаму Сыну, які стаў чалавекам і прасіць аб ласцы пакоры, бо без пакоры немагчыма знайсці Бога. “Чалавек, які не мае пакоры, не мае перад сабой гарызонту, а толькі люстэрка: глядзіць на самаго сябе. Давайце папросім Пана разбіць гэта люстэрка, каб маглі глядзець далей, углядацца ў гарызонт, на якім ёсць Ён”, - заклікаў Пантыфік.

Папа заахвоціў прыйсці да калядных ясляў у першую чаргу бедных, а таксама ўсіх людзей, якія, на падабенства евангельскіх мудрацоў, маюць духоўны неспакой, якія шукаюць Бога, або нават змагаюцца з рэлігіяй ці называюць сябе атэістамі.

“Я хацеў бы нагадаць ім пасланне Другога Ватыканскага Сабора: “Касцёл сцвярджае, што прызнанне Бога абсалютна не супярэчыць чалавечай годнасці, паколькі гэтая годнасць мае пачатак і ўдасканальваецца ў самім Богу. Касцёл выдатна ўсведамляе, што яго пасланне адпавядае самым патаемным жаданням чалавечага сэрца (Gaudium et spes, 21)”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў заўсёды памятаць, што не мы, а Бог “першы палюбіў нас” (1 Ян 4,9), падкрэсліваючы, што ўсведамленне гэтага павінна быць прычынай радасці. “Бог заўсёды апярэджвае нас у любові, любові настолькі канкрэтнай, што яна ўцелавілася і пасялілася між намі ў выглядзе Дзіцятка, якога бачым у яслях. Гэта любоў мае імя і аблічча: Езус – гэта імя і аблічча любові, якая знаходзіцца ў аснове нашай радасці”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец, заклікаючы вернікаў да пакоры, якая дазволіць знайсці Бога і напоўніць жыццё надзеяй.
 

22 снежня 2021, 09:45

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >