Папа ў Ноч Божага Нараджэння: вернемся да сутнасці веры
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У гаміліі Францішак звярнуў увагу на кантраст у евангельскім апавяданні пра нараджэнне Езуса: спачатку яно паказвае веліч цэзара Аўгуста, які аб’явіў перапіс на ўсёй зямлі, а потым, адразу, пераносіць нас у Бэтлеем, дзе няма нічога вялікага: толькі беднае Дзіця, загорнутае ў пялюшкі, і пастухі вакол Яго.
“Вось пасланне: Бог не шукае велічы, а сыходзіць да маласці. Маласць – гэта шлях, які Ён выбраў, каб дасягнуць нас, каб дакрануцца нашага сэрца, каб збавіць нас і прывесці да таго, што мае значэнне”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік спытаў: ці здольныя мы выбраць шлях Езуса? Ён заклікаў не шукаць велічы ў вачах свету, магчыма нават у імя Езуса, не імкнуцца ўзыходзіць на п’едэсталы, не гнацца за поспехам і быццём навідавоку. “Бог не шукае сілы і ўлады, Ён просіць нас быць ласкавымі і малымі ўнутры”, - зазначыў Святы Айцец.
Менавіта аб “ласцы маласці” трэба прасіць Езуса на Божае Нараджэнне, гэта значыць “верыць, што Бог хоча прыйсці ў свет у малых учынках нашага жыцця, хоча жыць у штодзённай рэальнасці, у простых жэстах, якія робім дома, у сям’і, у школе, на працы”. “У нашым штодзённым жыцці Ён хоча рабіць надзвычайныя рэчы”, - сцвердзіў Пантыфік, заклікаючы адмовіцца ад імкнення да велічы, якой не маем, ад нараканняў і прагнасці, якія пакідаюць незадаволенымі.
Папа таксама заўважыў, што Бог хоча прыйсці не толькі ў нашыя справы, але таксама ў нашу маласць: у наша адчуванне сябе слабымі, уразлівымі, неадпаведнымі, а можа нават і няправільнымі.
“Сястра, брат, калі як у Бэтлееме, цемра ночы акружае цябе, калі адчуваеш халодную абыякавасць навокал, калі раны, што носіш унутры крычаць: “Ты нічога не варты, ніколі не будзеш любімы як хочаш”, то сёння Бог адказвае. Гэтай ноччу Ён кажа: “Я люблю цябе такім, які ты ёсць”. Твая маласць не пужае Мяне, твая ўразлівасць не бянтэжыць Мяне. Я стаў малым дзеля цябе. Каб стаць тваім Богам, Я стаў тваім братам”, - запэўніў Святы Айцец.
Францішак зазначыў, што прыняць маласць, значыць “абняць Езуса ў сучасных малых”: яны найбольш падобныя на Хрыста, народжанага бедным, і менавіта ў іх Ён жадае быць шанаваным. “У гэту ноч любові, нас павінен ахопліваць толькі адзін страх: параніць любоў Бога, параніць Яго нашай абыякавасцю, пагарджаючы беднымі. Яны ўмілаваныя Езуса, якія аднойчы будуць сустракаць нас у Небе”, - сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што ў каляднай стаенцы побач з Дзіцяткам Езусам знаходзяцца бедныя пастухі: “Езус быў побач з імі, забытымі з перыферый. Ён прыйшоў у свет там, дзе чалавечая годнасць падвяргалася выпрабаванню. Ён прыйшоў, каб даць шляхетнасць адчужаным і аб’явіўся ў першую чаргу ім: не адукаваным і важным асобам, а простым людзям, якія працавалі”.
Францішак падкрэсліў, што “Бог прыходзіць у гэту ноч, каб напоўніць годнасцю цяжар працы”. “Ён нагадвае наколькі важна надаць годнасць чалавеку праз працу, а таксама даць годнасць працы чалавека, бо чалавек з’яўляецца гаспадаром, а не нявольнікам працы”, - сказаў Папа, заклікаючы прыкладаць намаганні, каб больш ніколі не здараліся смяротныя выпадкі на працоўных месцах.
Святы Айцец нагадаў, што ў каляднай стаенцы можа ўбачыць таксама людзей вучоных і багатых – мудрацоў. “Усё злучаецца, калі ў цэнтры знаходзіцца Езус: не нашы ідэі адносна Езуса, але Ён, Жывы. Таму, дарагія браты і сёстры, вернемся ў Бэтлеем, вернемся да вытокаў: да сутнасці веры, да першай любові, да пакланення і міласэрнасці”.
“Давайце паглядзім на мудрацоў, якія пілігрымуюць, і як сінадальны Касцёл у дарозе, накіруемся ў Бэтлеем, дзе Бог у чалавеку, а чалавек – у Богу; дзе Пан знаходзіцца на першым месцы і дзе Яму аддаюць пашану; дзе апошнія займаюць самае блізкае месца да Яго; дзе пастухі і мудрацы знаходзяцца разам у братэрстве, мацнейшым за ўсякую класіфікацыю. Няхай Бог прывядзе нас да таго, каб былі Касцёлам, які пакланяецца, Касцёлам бедным і братэрскім. Гэта самае галоўнае. Вернемся ў Бэтлеем”, - сказаў Папа.