Папа: заручаныя хрысціяне пакліканы сведчыць пра сталую любоў

Любіць не значыць прэтэндаваць на тое, што іншы чалавек або жыццё будзе адпавядаць нашаму ўяўленню, але ў поўнай свабодзе ўзяць на сябе адказнасць за такое жыццё, якое нам даецца, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 1 снежня 2021 г. у ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны св. Юзафу, заўважаючы, што, будучы “справядлівым” і “мужам Марыі”, ён можа многаму навучыць заручаных.

Пантыфік адзначыў, што мноства гісторый, звязаных са св. Юзафам, утрымліваецца ў апокрыфах. Яны аказалі моцны ўплыў на мастацтва і розныя месцы культу, а таксама адказваюць на жаданне запоўніць прабелы ў кананічных Евангеллях, у якіх, аднак, змешчана, “усё неабходнае для веры і хрысціянскага жыцця”.

Пасля заручын Марыі з Юзафам, “перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе”, - нагадаў Пантыфік. Ён патлумачыў, што ў старажытным Ізраэле заключэнне сужэнства складалася з двух этапаў. Першы – афіцыйныя заручыны, пасля якіх нявеста яшчэ год жыла ў доме сваіх бацькоў, але ўжо лічылася “жонкай” свайго заручанага. Другі этап пачынаўся калі яна пераязджала ў дом мужчыны. Гэтаму спадарожнічала святочная працэсія, якая завяршала абрад заключэння сужэнства. Аднак, да таго як Марыя і Юзаф пачалі жыць разам, выявілася, што Яна цяжарная. Згодна са старажытным законам пакараннем ў такім выпадку было ўкаменаванне, але з цягам часу ў практыку ўвайшла больш лагодная інтэрпрэтацыя гэтага прадпісання, якая прадугледжвала афіцыйнае адмаўленне ад нявесты з грамадзянскім і карнымі наступстваў для яе, - расказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што Евангелле называе Юзафа “справядлівым” менавіта ў сувязі з тым, што “ён быў паслухмяным Закону, як кожны пабожны ізраільцянін”. Але “любоў да Марыі і давер да Яе падказалі яму магчымасць, якая прадугледжвала захаванне і закону, і гонару нявесты”: ён “вырашыў адпусціць Яе патаемна, без шуму, не падвяргаючы Яе публічнаму прыніжэнню”.

“Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: “Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных” (Мц 1,20-21), - нагадаў Папа евангельскія словы, падкрэсліваючы, што голас Бога адкрыў Юзафу “яшчэ большае значэнне яго справядлівасці”.

“Як важна для кожнага з нас развіваць справядлівае жыццё і адначасова адчуваць сябе людзьмі, якія патрабуюць дапамогі Бога, каб здолець пашырыць наш далягляд і ўспрымаць жыццёвыя абставіны з іншай перспектывы, больш шырокай”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што “менавіта за некаторымі жыццёвымі сітуацыямі, якія спачатку здаюцца нам драматычнымі”, часта хаваецца Божы Провід”, які “пралівае святло ў тым ліку і на сэнс пакут, што абрынуліся на нас”.

Францішак звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект гэтага апавядання: Марыя і Юзаф хутчэй за ўсё мелі мары і планы адносна сваёй будучыні, але Бог увайшоў у іх жыццё нечакана. Тым не менш, нягледзячы на першапачатковыя цяжкасці, “яны абодва расчынілі сэрцы на рэальнасць, перад якой апынуліся”.

“Дарагія браты і сёстры, вельмі часта наша жыццё з’яўляецца не такім, як мы яго ўяўляем”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што гэта асабліва тычыцца адносін, у якіх бывае цяжка перайсці “ад логіцы закаханасці да логіцы сталай любові”. Закаханасць заўсёды пазначана пэўнай “зачараванасцю”, “уяўленням, якія часта не адпавядае рэчаіснасці”.

“Але менавіта калі закаханасць здаецца знікае разам з яе чакананнямі, тады можа пачацца сапраўдная любоў. Любіць, насамрэч, не значыць прэтэндаваць на тое, што іншы чалавек ці жыццё будуць адпавядаць нашаму ўяўленню; любіць значыць у поўнай свабодзе браць на сябе адказнасць за такое жыццё, якое нам даецца”, - сказаў Пантыфік. Заручаныя хрысціяне пакліканы сведчыць пра адносіны, у якіх мелі “адвагу перайсці ад логіцы закаханасці да логіцы сталай любові. Гэта неабходны выбар, які замест знявольвання жыцця, можа ўмацаваць любоў, каб была трывалай перад абліччам выпрабаванняў часам”, - дадаў Папа.

Францішак завяршыў катэхезу малітвай: “Св. Юзэфе, ты, які любіў Марыю свабодна і вырашыў адмовіцца ад сваіх уяўленняў, каб вызваліць месца рэальнасці, дапамажы кожнаму з нас, дазволіць Богу здзівіць нас, і прымаць жыццё не як нешта непрадбачанае, ад чаго трэба бараніцца, але як таямніцу, якая хавае ў сабе сапраўдную радасць. Адары ўсіх заручаных хрысціян радасцю, радыкалізмам і захаваннем пастаяннага ўсведамлення таго, што толькі міласэрнасць і прабачэнне робяць магчымай любоў. Амэн”.
 

01 снежня 2021, 11:08

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >