Святы Айцец скіраваў пасланне на 55-ы Сусветны дзень міру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Існуе “архітэктура” міру, у якую робяць свой унёсак розныя інстытуты грамадства, але ёсць і “рамяство” стварэння міру, у якім удзельнічаем усе мы. Кожны можа прымаць удзел у будаванні больш мірнага грамадства, пачынаючы са свайго сэрца і з адносін у сям’і, у грамадстве і з навакольным асяроддзем, аж да адносін паміж народамі і дзяржавамі”, - напісаў Пантыфік, прапануючы тры шляхі для дасягнення міру: дыялог паміж пакаленнямі, адукацыя і праца.
Весці дыялог паміж пакаленнямі дзеля будавання міру
Францішак заўважыў, што новыя пакаленні маюць патрэбу ў “жыццёвым і духоўным досведзе пажылых людзей, у іх мудрасці”, а “пажылым патрэбна падтрымка і любоў маладых людзей, іх крэатыўнасць і дынамізм”.
“Вялікія грамадскія выклікі і працэсы будавання міру не могуць абысціся без дыялогу паміж захавальнікамі памяці – пажылымі людзьмі – і тымі, хто працягвае гісторыю; не могуць абысціся і без гатоўнасці кожнага з іх саступіць месца для іншага, не прэтэндуючы на тое, каб заняць усю сцэну, пераследуючы ўласныя імгненныя інтарэсы, быццам няма ні мінулага, ні будучыні”, - напісаў Папа, падкрэсліваючы, што дыялог паміж пакаленнямі дапамагае таксама выносіць урокі з гісторыі і з надзеяй глядзець наперад.
“Як могуць дрэвы расці і прыносіць плады без каранёў?”, - спытаўся ён, заклікаючы падтрымаць намаганні моладзі, накіраваныя на абарону навакольнага асяроддзя і змену актуальнага эканамічнага курса.
Адукацыя і выхаванне як рухавікі міру
Святы Айцец звярнуў увагу на “змяншэнне бюджэту на адукацыю і выхаванне, якія лічацца, хутчэй, выдаткамі, чым інвестыцыямі”. “Тым не менш яны з’яўляюцца асноўнымі вектарамі цэласнага чалавечага развіцця: яны робяць чалавека больш свабодным і адказным, і яны неабходны для абароны і ўмацавання міру. Іншымі словамі, адукацыя і выхаванне з’яўляюцца асновай згуртаванай грамадзянскай супольнасці, здольнасць нараджаць надзею, багацце і прагрэс”, - напісаў Папа.
“З іншага боку, ваенныя выдаткі павялічыліся, пераўзышоўшы ўзровень, зарэгістраваны напрыканцы “халоднай вайны”, і, здаецца, будуць расці невымернымі тэмпамі”, - з жалем адзначыў ён.
Францішак заклікаў распрацаваць эканамічную палітыку, якая дазволіць змяніць суадносіны паміж дзяржаўнымі інвестыцыямі ў адукацыю і сродкамі, якія вылучаюцца на ўзбраенні, а таксама нагадаў, што “ажыццяўленне рэальнага працэсу міжнароднага раззбраення можа прынесці велізарную карысць развіццю народаў і дзяржаў, вызваляючы фінансавыя рэсурсы, якія больш дарэчна выкарыстаць для аховы здароўя, адукацыі, інфраструктуры, дагляду за тэрыторыяй і г.д.”.
Прасоўванне каштоўнасці працы і гарантыя працы стварае мір
Папа заўважыў, што незаменным фактарам у справе будавання і захавання міру з’яўляецца праца, праз якую чалавек выражае сябе і свае дары, праяўляе адказнасць, прыкладае высілкі і супрацоўнічае з іншымі. “Праца – гэта месца, дзе мы вучымся рабіць уклад у стварэнне больш прыдатнага для жыцця і прыгожага свету”, - дадаў ён, заклікаючы да пашырэння магчымасцей для годнай працы, што асабліва актуальна ў кантэксце пандэміі, а таксама да падтрымкі прадпрымальніцкіх ініцыятыў, умацавання сацыяльнай адказнасці, каб прыбытак не быў адзіны кіруючым прынцыпам.
“Я заклікаю лідараў і тых, хто надзелены палітычнай і сацыяльная адказнасцю, пастыраў і кіраўнікоў рэлігійных супольнасцей, а таксама ўсіх людзей добрай волі разам ісці гэтымі трыма шляхамі: дыялог паміж пакаленнямі, адукацыя і праца. З мужнасцю і крэатыўнасцю. І няхай будзе ўсё больш людзей, якія маўкліва, пакорна і настойліва, дзень за днём становяцца міратворцамі. Няхай благаслаўленне Бога міру заўсёды накіроўвае і суправаджае іх”, - завяршыў пасланне Святы Айцец.
Сусветны дзень міру адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 1 студзеня. Ён быў быў устаноўлены Паўлам VI у 1967 годзе. Традыцыйна спачатку абвяшчаецца яго тэма, а ўжо потым, у снежні, публікуецца Пасланне Святога Айца. Яно дасылаецца ў адміністрацыі кіраўнікоў усіх дзяржаў. Лічыцца, што дакумент вызначае дыпламатычную лінію Святога Пасаду на наступны год.