Святы Айцец: адкрыць дзверы сэрца для мігрантаў!
Аляксандр Панчанка – Vatican News
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 22 снежня 2021 года прайшла ў Ватыкане, Папа нагадаў, што падчас свайго нядаўняга Апостальскага падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю меў магчымасць “яшчэ раз дакрануцца рукой да параненага чалавецтва ў абліччы бежанцаў і мігрантаў”.
Пантыфік таксама заўважыў, што “толькі некаторыя еўрапейскія краіны нясуць на сябе большую частку наступстваў міграцыйнага крызісу ў Міжземнаморскім рэгіёне, у той час як рэальная сітуацыя, патрабуе супольнай адказнасці, ад якой не можа ўхіляцца ніводная краіна”.
Святы Айцец падкрэсліў, што дзякуючы “велікадушнай адкрытасці італьянскіх уладаў” змог прывесці ў Рым групу мігрантаў, якіх сустрэў падчас свайго падарожжа. Папа заўважыў, што некаторыя з іх прысутнічаюць на агульнай аўдыенцыі і запэўніў у гатоўнасці Касцёла аказаць дапамогу гэтым людзям.
“Гэта малы жэст, які – спадзяюся – паслужыць стымулам для іншых еўрапейскіх краін, каб дазволілі мясцовым касцёльным структурам клапаціцца пра іншых братоў і сясцёр, якія маюць неадкладную патрэбу ў перамяшчэнні”, - сказаў Пантыфік.
Папа звярнуў увагу на тое, што акрамя прыняцця мігрантаў і бежанцаў, патрэбна іх інтэграцыя ў грамадства. “Насамрэч ёсць вельмі шмат мясцовых Касцёлаў, манаскіх кангрэгацый і каталіцкіх арганізацый гатовых прыняць і суправаджаць іх да паспяховай інтэграцыі, трэба толькі адкрыць дзверы, дзверы сэрца! Давайце не змарнуем такую магчымасць у гэта Божае Нараджэнне”, - заахвоціў на заканчэнне свайго звароту Францішак.