Папа Францішак і Прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядзіс падчас цырымоніі развітання ў аэрапорце Ларнакі Папа Францішак і Прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядзіс падчас цырымоніі развітання ў аэрапорце Ларнакі 

Святы Айцец пакінуў Кіпр і накіраваўся ў Грэцыю

4 снежня 2021 г. завяршыўся першы этап 35-га Апостальскага падарожжа Францішка. Святы Айцец пакінуў Кіпр і накіраваўся ў Грэцыю, дзе прабудзе да 6 снежня.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік пачаў дзень з цэлебрацыі св. Імшы ў капліцы Апостальскай нунцыятуры ў Нікасіі. Затым, развітаўшыся з персаналам дыпламатычнага прадстаўніцтва, ён адправіўся ў Міжнародны аэрапорт Ларнакі, у 50-ці кіламетрах ад сталіцы Кіпра. Тут прайшла афіцыйная цырымонія развітання. Правесці Папу прыбыў Прэзідэнт Кіпра Нікас Анастасіядзіс.

Самалёт А320 грэчаскай авіякампаніі Aegean Airlines вылецеў з Ларнакі ў Афіны ў 8.30 па мясцовым часе. Палёт будзе працягвацца гадзіну і сорак хвілін. За гэты час ён пераадолее ў паветры 895 кіламетраў.

Пакідаючы Кіпр Францішак скіраваў развітальную тэлеграму, у якой выказаў кіраўніцтву і насельніцтву гэтай краіны шчырую падзяку за цёплы прыём, запэўніваючы ў сваёй малітве аб міры і росквіце для яе.

Святы Айцец знаходзіўся на Кіпры з 2 снежня. За два дні візіту ён сустрэўся з мясцовым каталіцкім духавенствам і вернікамі, палітычным кіраўніцтвам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі, Архіепіскапам Кіпрскім Хрызастомам ІІ і членамі Сінода Кіпрскай Праваслаўнай Царквы, узначаліў цэлебрацыю св. Імшы з вернікамі Кіпра, а таксама правёў экуменічную малітву з удзелам мігрантаў. Папярэдзім Папам, які наведаў Кіпр, быў Бэдэндыкт XVI. Ён быў на востраве ў 2010 г.
 

04 снежня 2021, 09:36