Францішак: праца – права, абавязак і шлях асвячэння

Постаці святога Юзафа, як чалавека працы, Францішак прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 студзеня 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік заўважыў, што евангелісты Мацвей і Марк называюць святога Юзафа цесляром. Грэчаскае слова “tekton”, якое выкарыстоўвалася для акрэслення яго прафесіі, пераводзілася па-рознаму: лацінскія Айцы Касцёла атаясамлівалі яго з цяслярствам, але трэба ўлічваць, што ў Палестыне часоў Езуса дрэва выкарыстоўвалася не толькі, каб рабіць плугі і розную мэблю, але таксама для будавання дамоў, у якіх драўлянымі былі аканіцы і бэлькі тэрас. Таму пад “цеслярамі” разумеліся як рамеснікі, што працавалі з дрэвам, так і рабочыя, дзейнасць якіх была звязана з будаўніцтвам, - дадаў Папа.

Праца цесляра была складанай, бо яны мелі справу з цяжкімі матэрыяламі, такімі як дрэва, камень і жалеза, і яна не прыносіла вялікіх прыбыткаў: гэта можна зразумець па тым, што Марыя і Юзаф, калі прысвяцілі Езуса Богу ў ерузалемскай святыні, ахвяравалі толькі пару туравак ці галубоў, што Закон патрабаваў ад бедных.

Францішак заўважыў, што ў падлеткавым узросце Езус навучыўся ад бацькі цяслярскаму рамяству, а калі, стаўшы дарослым, пачаў прапаведваць, яго землякі здзіўляліся і пыталіся: “Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц?” (Мц 13,54) і абураліся на Яго, бо Ён быў сынам цесляра, а прамаўляў, як настаўнік Закону.

“Гэты факт з біяграфіі Юзафа і Езуса прымушае мяне падумаць пра ўсіх работнікаў у свеце, асабліва пра тых, якія выконваюць цяжкую працу ў шахтах ці на пэўных фабрыках; пра тых, каго экслуатуюць на нелегальнай працы; пра ахвяр на працы (...); пра дзяцей, вымушаных працаваць, і пра тых, якія шныраць па сметніках, у пошуку таго, што можна будзе абмяняць”, - сказаў Папа, узгадваючы таксама пра людзей, якія працуюць без сацыяльных гарантый, або ўвогуле з’яўляюцца беспрацоўнымі. Пантыфік заклікаў палітыкаў даць усім магчымасць зарабляць на хлеб.

“Многія маладыя людзі, многія бацькі і маці перажываюць драму адсутнасці працы, якая б дала ім магчымасць жыць спакойна. І вельмі часта пошук працы становіцца настолькі драматычным, што прыводзіць іх да згубы ўсякай надзеі і жадання жыць. У гэты час пандэміі шмат людзей сталі беспрацоўнымі, а некаторыя, не вытрымаўшы нязноснага цяжару, дайшлі да таго, што пакончылі з сабой. Я хацеў бы сёння ўзгадаць кожнага з іх і іх сем’і. Давайце крыху памаўчым, падумаўшы пра гэтых адчайных людзей, якія не могуць знайсці працу”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, сёння недастаткова ўлічваецца той факт, што праца з’яўляецца “фундаментальным кампанентам чалавечага жыцця”, а таксама “шляхам асвячэння”. “Праца патрэбна не толькі для таго, каб забяспечыць сябе неабходным для існавання: яна з’яўляецца месца месцам, дзе мы выражаем сябе, дзе можам адчуць сябе карыснымі і засвоіць вялікі ўрок канкрэтнасці, які дапамагае духоўнаму жыццю не ператварыцца ў спірытуалізм”, - падкрэсліў ён.

Францішак заўважыў, што, на жаль, часта праца з’яўляецца “закладніцай сацыяльнай несправядлівасці”, і замест таго, каб быць сродкам гуманізацыі, становіцца “экзістэнцыяльнай перыферыяй”. Ён заклікаў вернікаў спытаць сябе пра тое, з якім духам яны выконваюць штодзённую працу, ці бачаць сувязь паміж сваёй працай і лёсам іншых людзей. “Насамрэч, праца – гэта магчымасць выразіць нашу асабовасць, якая з’яўляецца сацыяльнай па сваёй прыродзе. Праца – гэта таксама спосаб выражэння нашай крэатыўнасці; кожны выконвае працу па свайму, мае ўласны стыль...”, - дадаў ён.

“Добра падумаць пра тое, што сам Езус працаваў і вучыўся гэтаму мастацтву менавіта ў святога Юзафа. Мы павінны сёння спытаць сябе: што можам зрабіць, каб аднавіць каштоўнасць працы; які ўклад, як Касцёл, можам зрабіць дзеля яе вызвалення з логікі чыстага прыбытку і разумення як фундаментальнага права і абавязку чалавека, які выражае і ўмацоўвае яго годнасць”, - сцвердзіў Пантыфік, завяршаючы сваю катэхезай малітвай, якую ў 1969 годзе святы Павел VI узнёс да святога Юзафа у інтэнцыі ўсіх працаўнікоў, а таксама міру, бо толькі ён можа гарантаваць развіццё народам.
 

12 студзеня 2022, 10:58

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >