Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень місій
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папскі дакумент быў абнародавана 6 студзеня 2022 года – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. Яго тэмай сталі словы з кнігі Дзеяў Апосталаў: “Будзеце Маімі сведкамі” (1,8), прамоўленыя Езусам перад Унебаўшэсцем. На пачатку паслання Пантыфік нагадаў, што сёлета будуць адзначацца важныя юбілеі, звязаныя з місіянерскай дзейнасцю Касцёла: 400-годдзе Кангрэгацыі евангелізацыі народаў і 200-годдзе Папскіх місійных ініцыятыў.
Францішак заўважыў, што Касцёл пакліканы супольна абвяшчаць Евангелле, але вучні былі пасланы ў свет не толькі для ажыццяўлення місіі, але таксама – і ў першую чаргу – жыць місіяй, якая ўскладзена на іх; пакліканы быць пераканаўчымі сведкамі ўваскрослага Хрыста.
Місіянеры пасылаюцца “не для таго, каб заявіць пра сябе, паказаць свае якасці, здольнасці пераконваць іншых і кіраўнічыя навыкі”. Ім належыць найвышэйшы гонар абвяшчаць усім Добрую навіну пра збаўленне, на падабенства першых апосталаў і мучанікаў. Прыклад хрысціянскага жыцця і радаснае абвяшчэнне Хрыста – гэта “два лёгкія, якімі павінна дышаць кожная супольнасць, каб быць місіянерскай”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак пажадаў, каб прапаведванне Евангелля хрысціянамі было пазбаўлена празелітызму, характарызавалася імкненнем “выходзіць за агароджу”. Ён заўважыў таксама, што “прысутнасць вернікаў розных нацыянальнасцей узбагачае аблічча парафій і робіць іх больш паўсюднымі, больш каталіцкімі”, а душпастырскі клопат пра мігрантаў таксама з’яўляецца місіянерскай дзейнасцю. Яна можа дапамагчы мясцовым вернікамі нанава адкрыць радасць хрысціянскай веры.
Пантыфік нагадаў, што спачатку вучні Езуса былі слабымі, баязлівымі і закрытымі, але “Святы Дух умацоўваў іх, дарыў ім адвагу і мудрасць, каб сведчылі пра Хрыста перад усімі”. Толькі дзякуючы Святому Духу місіянеры здольныя даваць сапраўднае сведчанне пра Пана і дзяліцца радасцю ўваскрасення з іншымі. Менавіта Святы Дух з’яўляецца сапраўднай галоўнай дзеючай асобай прапаведвання, даючы місіянерам “патрэбнае слова ў адпаведны час і належым чынам”.
Святы Айцец выказаў удзячнасць Богу за шматлікія місіянерскія ініцыятывы Касцёла, напоўненыя правідэнцыяльнай інтуіцыяй, якія прынеслі багатыя плёны. Ён падзякаваў таксама Папскім місійнымі ініцыятывам “за іх гістарычныя заслугі” і за падтрымку місіі абвяшчэння Евангелля ў Касцёле. Пантыфік выказаў надзею на тое, што “мясцовыя Касцёлы знойдуць у гэтых высілках надзейны сродак для ўмацавання місіянерскага духа ў Божым народзе”.
Напрыканцы паслання Францішак даручыў усе хрысціянскія супольнасці матчынай апецы Багародзіцы і пажадаў ім “быць у Касцёле тымі, кім мы ўжо з’яўляемся ў сілу хросту: прарокамі, сведкамі і місіянерамі Пана”.