Пантыфік падзяліўся сваім поглядам на каталіцкі фактчэкінг
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
28 студзеня 2022 года ў Ватыкане Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднага кансорцыума каталіцкіх СМІ Каталіцкі фактчэкінг (Catholic fact-checking). Пантыфік нагадаў, што камунікацыя ў хрысціянскім разуменні – гэта навядзенне мастоў і супрацьстаянне хлусні. Ён звярнуў увагу на некаторыя важныя інфармацыйныя пытанні ў кантэксце пандэміі.
На думку Францішка, сёння акрамя пандэміі распаўсюдзілася “інфадэмія” – дэфармацыя рэальнасці, заснаваная на страху, што ў глабальным грамадстве выяўляецца ў фальсіфікаваных і выдуманых навінах, якія грунтуюцца на адгалосках і каментарыях, а не на фактах.
Пры гэтым, звярнуў увагу Папа, калі гаворка ідзе пра змаганне з фальшывымі навінамі, заўсёды трэба паважаць людзей, якія часта мімаволі былі ўключаны ў працэс іх распаўсюджвання. “Хрысціян, які працуе ў сферы камунікацыі, прымае евангельскі стыль, наводзіць масты, становіцца рамеснікам міру ў тым ліку і перш за ўсё ў пошуку праўды”, - дадаў ён. Журналіст-хрысціянін, на думку Святога Айца, робіць усё магчымае, каб пазбегнуць “логікі апазіцыі”, заўсёды імкнучыся наблізіцца да чалавека і суправаджаць яго ў асабістым выбары.
Пошук праўды нельга падпарадкоўваць камерцыйнай перспектыве, вялікім эканамічным інтарэсам. Быць разам дзеля праўды – гэта пошук проціяддзя ад алгарытмаў, прызначаных для павышэння камерцыйнай прыбытковасці, гэта прасоўванне інфармаванага, справядлівага, здаровага і ўстойлівага грамадства, - заўважыў Францішак. Праўда для хрысціяніна, падкрэсліў ён, тычыцца не толькі асобных рэчаў, але ўсяго існавання.