Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік падзяліўся сваім поглядам на каталіцкі фактчэкінг

У кантэксце памнажэння інфармацыі і распаўсюджвання ілжывых навін, у прыватнасці аб вакцынах супраць COVID-19, трэба шукаць праўду ў супрацоўніцтве з навуковай супольнасцю, - лічыць Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

28 студзеня 2022 года ў Ватыкане Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Міжнароднага кансорцыума каталіцкіх СМІ Каталіцкі фактчэкінг (Catholic fact-checking). Пантыфік нагадаў, што камунікацыя ў хрысціянскім разуменні – гэта навядзенне мастоў і супрацьстаянне хлусні. Ён звярнуў увагу на некаторыя важныя інфармацыйныя пытанні ў кантэксце пандэміі.

На думку Францішка, сёння акрамя пандэміі распаўсюдзілася “інфадэмія” – дэфармацыя рэальнасці, заснаваная на страху, што ў глабальным грамадстве выяўляецца ў фальсіфікаваных і выдуманых навінах, якія грунтуюцца на адгалосках і каментарыях, а не на фактах.

Падчас сустрэчы Папы з прадстаўнікамі Міжнароднага кансорцыума каталіцкіх СМІ
Падчас сустрэчы Папы з прадстаўнікамі Міжнароднага кансорцыума каталіцкіх СМІ

Пры гэтым, звярнуў увагу Папа, калі гаворка ідзе пра змаганне з фальшывымі навінамі, заўсёды трэба паважаць людзей, якія часта мімаволі былі ўключаны ў працэс іх распаўсюджвання. “Хрысціян, які працуе ў сферы камунікацыі, прымае евангельскі стыль, наводзіць масты, становіцца рамеснікам міру ў тым ліку і перш за ўсё ў пошуку праўды”, - дадаў ён. Журналіст-хрысціянін, на думку Святога Айца, робіць усё магчымае, каб пазбегнуць “логікі апазіцыі”, заўсёды імкнучыся наблізіцца да чалавека і суправаджаць яго ў асабістым выбары.

Пошук праўды нельга падпарадкоўваць камерцыйнай перспектыве, вялікім эканамічным інтарэсам. Быць разам дзеля праўды – гэта пошук проціяддзя ад алгарытмаў, прызначаных для павышэння камерцыйнай прыбытковасці, гэта прасоўванне інфармаванага, справядлівага, здаровага і ўстойлівага грамадства, - заўважыў Францішак. Праўда для хрысціяніна, падкрэсліў ён, тычыцца не толькі асобных рэчаў, але ўсяго існавання.
 

28 студзеня 2022, 11:58