Пантыфік: святыя вучаць, што рэформы трэба пачынаць з сябе
Аляксандр Панчанка – Vatican News
15 студзеня 2020 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 164-га Генеральнага капітула Кангрэгацыі рэгулярных клерыкаў Божага Провіду – манаскай супольнасці, заснаванай у 1524 годзе святым Каэтанам Тыенскім, у сувязі ў чым яе членаў называюць таксама “тэатынамі”.
Францішак заўважыў, што ў жыцці святога Каэтана – як і ў жыцці многіх іншых святых – быў момант, які можна назваць “пакліканнем у пакліканні” ці “другім навяртаннем”: гаворка ідзе пра пераход ад ужо добрага і пабожнага жыцця да жыцця святога, “якое дапамагае не толькі асабістаму ўзрастанню, але таксама развіццю жыцця ўсяго Касцёла”. “Гэта тое, што ў пэўным сэнсе, рэфармуе Касцёл, ачышчаючы яго і дапамагаючы праявіцца яго евангельскай прыгажосці”, - дадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што “хрысціянін не можа думаць аб сваёй місіі на зямлі, адрываючы яе ад шляху святасці”. Кожныя святы – гэта план Нябеснага Айца, нагадаў ён, заклікаючы ўглядацца ў прыклад святых і наследаваць іх духоўны дынамізм у актуальным кантэксце.
Святы Каэтан, паводле Папы, вучыць, што ўсякія рэформы трэба пачынаць з саміх сябе. Калі ён прыбыў у Рым, каб працаваць у Папскай курыі, то ўбачыў духоўны і маральны заняпад, які, на жаль, быў распаўсюджаны тады.
“І што ён зрабіў? – Працягваючы сваю працу ў курыі, ён наведваў араторый Боскай Любові, дбаючы пра малітву і духоўную фармацыю, а потым адпраўляўся ў шпіталь, каб дапамагаць хворым. Вось шлях: пачынаць з саміх сябе, каб больш глыбока і паслядоўна жыць Евангеллем. Усе святыя ўказваюць нам гэты шлях. Гэта яны сапраўдныя рэфарматары Касцёла. Ці лепш сказаць, што гэта Святы Дух фармуе і рэфармуе Касцёл і робіць гэта праз Божае слова і праз святых, якія спаўняюць Слова ў сваім жыцці”, - сказаў Францішак.
Папа звярнуў увагу на патрэбу ў “святых супольнасцях” і евангелізацыі з дапамогай жыццёвага сведчання і ўчынкаў міласэрнасці, якія дапамагаюць Касцёлу развівацца як “палявому шпіталю”, што вельмі патрэбна ў наш час. Ён заклікаў законнікаў наследаваць прыклад сваіх заснавальнікаў у паслухмянасці Святому Духу, без закамянеласці, але трываючы ў тым, што па-сапраўднаму важна: у малітве, адарацыі, супольным жыцці, братэрскай любові, беднасці і служэнні ўбогім.
Напрыканцы прамовы Папа нагадаў, што сярод гарадоў, евангелізаваных святым Каэтанам Тыенскім, быў таксама Буэнас-Айрэс, дзе вернікі дагэтуль ушаноўваюць яго і моляцца да яго, як да “апекуна хлеба і працы”.