Пантыфік моліцца за хворага нобелеўскага лаўрэата з Аргентыны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак уласнаручна напісаў кароткае пасланне 90-гадоваму Эсківелю, стан здароўя якога пагоршыўся ў апошнія дні, у сувязі з чым ён быў вымушаны прайсці неадкладнае медыцынскае абследаванне ў клініцы.
Папскае пасланне нобелеўскаму лаўрэату перадаў біскуп Габрыэль Антоніа Местрэ, які адведаў праваабаронцу ў бальніцы, каб памаліцца разам з ім і ўдзяліць яму сакрамэнт намашчэння хворых. У кароткім лісце Францішак напісаў Эсківелю, што быў паінфармаваны аб яго праблемах са здароўем, запэўніў у малітве ў гэты жыццёвы перыяд і пажадаў хутчэйшага выздараўлення. Святы Айцец таксама пераказаў прывітанне жонцы аргентынскага нобелеўскага лаўрэата.
Адольфа Перэс Эсківель нарадзіўся ў Аргентыне ў 1931 годзе ў сям’і іспанскага мігранта і жанчыны з карэннага народу гуарані. Калі хлопчыку было тры гады яго маці памерла, а бацька быў вымушаны шмат працаваць, каб пракарміць чатырох дзяцей. У сувязі з гэтым маленькі Адольфа правёў чатыры гады ў каталіцкім прытулку для сіротаў, якім кіравалі іспанскія кармелітанкі. Ён захаваў еднасць з Касцёлам на ўсё жыццё.
Эсківель атрымаў адукацыю архітэктара і скульптара, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, а ў 1956 годзе ажаніўся з Амандай Ітаці Гуэрарай, якая з’яўляецца яго жыццёвай спадарожнічай да сённяшняга дня.
Удзельнічаў у працы хрысціянскіх пацыфісцкіх груп, у 1970 годзе правёў двухмесячную галадоўку пратэста супраць палітычнага тэрору. У 1974 годзе пакінуў выкладанне і цалкам прысвяціў сябе дапамозе бедным і барацьбе супраць палітычнай і сацыяльнай несправядлівасці. Удзельнічаў у стварэнні шэрагу праваабарончых арганізацый, якія натхняліся евангельскімі каштоўнасцямі. Арыштоўваўся паліцыяй Бразіліі і Эквадора.
Пасля ўстанаўленне вайсковай дыктатуры ў Аргентыне аказваў дапамогу сем’ям ахвяр рэжыму і Фалклендскай вайны. У 1977 годзе быў арыштаваны і чатырнаццаць месяцаў знаходзіўся ў турме без прад’яўлення абвінавачванняў і суда і падвяргаючыся катаванням. Пасля вызвалення, якое адбылося пад ціскам міжнароднай супольнасці, яшчэ дзевяць месяцаў знаходзіўся пад хатнім арыштам.
У 1980 годзе Адольфа Перэс Эсківель атрымаў Нобелеўскую прэмію міру як “змагар за правы чалавека”. Ён быў названы “нястомным правадніком прынцыпа ненасілля ў барацьбе за сацыяльна-палітычныя свабоды”. Значную частку прэміі перадаў дабрачынным арганізацыям.
У 2020 годзе Францішак скіраваў спецыяльнае кароткае відэапасланне да Адольфа Перэс Эсківеля, прымеркаванае да 40-годдзя ўручэння яму Нобелеўскай прэміі. Святы Айцец падзякаваў за яго сведчанне, словы, мужнасць і прастату.