Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень масавай камунікацыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы губляем здольнасць слухаць тых, хто знаходзіцца насупраць нас, як у звычайных штодзённых адносінах, так і ў дэбатах адносна самых важных тэм грамадскага жыцця. У той жа час, слуханне перажывае новае важнае развіццё ў камунікацыйнай і інфармацыйнай сферы, дзякуючы розным прапановам падкастаў і аўдыё-чатаў, пацвярджаючы, што слуханне застаецца фундаментальным для камунікацыі між людзьмі”, - зазначыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што жаданне быць выслуханым з’яўляецца адным з самых глыбокіх жаданняў чалавека, хоць часта і схаваным. Пра гэта павінны памятаць усе, хто звязаны з камунікацыяй: бацькі і настаўнікі, пастыры і душпастырскія работнікі, працаўнікі СМІ і тыя, хто выконвае служэнне ў грамадскай ці палітычнай сферы, - падкрэсліў ён у дакуменце, які быў абнародаваны 24 студзеня 2022 года, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.
Слухаць сэрцам
Францішак спаслаўся на Святое Пісанне, падкрэсліваючы, што слых мае важнае значэнне для камунікацыі чалавека з Нябесным Айцом і найбольш адпавядае “пакорнаму стылю Бога”. Пантыфік зазначыў, што нежаданне слухаць часта становіцца прычынай агрэсіўнасці ў адносінах да іншага чалавека, як адбылося з суразмоўцамі першага хрысціянскага мучаніка дыякана Стэфана, што “заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам”.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што “слуханне з’яўляецца вымярэннем любові”, таму Езус заклікаў сваіх вучняў “сачыць за якасцю таго, як яны слухаюць”. “Толькі захоўваючы ўвагу да таго, каго слухаем, што слухаем і як слухаем, мы можам узрастаць у мастацтве камунікацыі, у цэнтры якога знаходзіцца не нейкая тэорыя ці тэхніка, а “здольнасць сэрца, якая робіць магчымым блізкасць”, - напісаў Папа.
Францішак заўважыў, што “сапраўднай сядзібай слыху ёсць сэрца”, а таксама нагадаў, што малады кароль Саламон прадэманстраваў сваю мудрасць перад Богам, калі прасіў Яго аб “сэрцы, якое слухае”, а святыя Аўгустын і Францішак заклікалі менавіта слухаць сэрцам.
“Таму, першае слуханне, якое трэба нанова адкрыць для сябе ў пошуку сапраўднай камунікацыі – гэта слуханне саміх сябе, сваіх самых сапраўдных патрэб, якія запісаны ў глыбіні душы кожнага чалавека. І гэта магчыма, толькі калі пачнем слухаць тое, што робіць нас выключнымі сярод стварэнняў: жаданне быць у адносінах з іншымі і з Іншым. Мы не былі створаны для таго, каб жыць як атамы, але каб жыць разам”, - дадаў Папа.
Слуханне – умова добрай камунікацыі
Пантыфік падкрэсліў, што адваротным сапраўднаму слуханню з’яўляецца падслухоўванне, звязанае з імкненнем выкарыстаць чалавека ў сваіх інтарэсах. Яно, разам з жаданнем шпіёніць за іншымі, становіцца асабліва вострай спакусай у эпоху сацыяльных сетак, - папярэдзіў Папа, адзначаючы, што камунікацыі павінна спадарожнічаць імкненне слухаць іншага чалавека з адкрытасцю, даверам і сумленнасцю. Францішак са смуткам зазначыў, што “нават у Касцёле ствараюцца ідэалагічныя саюзы, а слуханне знікае і саступае месца бясплённым спрэчкам”.
“Слуханне, такім чынам, з’яўляецца першым неад’емным інгрэдыентам дыялогу і добрай камунікацыі. Немагчыма камунікаваць, калі спачатку не выслухаем, і немагчыма быць добрым журналістам без здольнасці слухаць. Каб даваць грунтоўную, ураўнаважаную і поўную інфармацыю трэба доўга слухаць. Каб распавесці пра падзею ці апісаць нейкую рэчаіснасць у рэпартажы важна ўмець выслухоўваць, быць гатовым перамяніць меркаванне, змяніць зыходныя гіпотэзы”, - дадаў Папа.
Пантыфік спаслаўся на словы вялікага дыпламата Апостальскай Сталіцы, кардынала Агастына Казаролі, які казаў пра “мучаніцтва цярплівасці”, неабходнае ў дыялогу са складанымі суразмоўцамі. Ён таксама адзначыў важнасць “здольнасці уражвацца праўдай, нават калі гэта толькі часцінка праўды ў асобе, якую слухаем”.
“Здольнасць слухаць грамадства як ніколі каштоўная ў гэты час, паранены доўгай пандэміяй. Велізарны недавер, назапашаны раней да “афіцыйнай інфармацыі”, выклікаў таксама пэўнага роду “інфадэмію”, унутры якой усё складаней зрабіць пераканаўчым і празрыстым свет інфармацыі”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы пачуць праблемы людзей, звязаныя з эканамічным крызісам, а таксама з вымушанай міграцыяй.
Слухаць адзін аднаго ў Касцёле
У апошняй частцы паслання Францішак скіраваў увагу на важнасць узаемнага слухання ў Касцёле. Ён нагадаў словы нямецкага пратэстанцкага тэолага Дзітрыха Банхёфера, які казаў, што “першым служэннем, якое мы павінны аказаць іншым, заключаецца ў слуханні іх”, бо “хто не ўмее выслухаць брата, хутка перастаць быць здольным слухаць таксама і Бога”.
Папа заклікаў да “апостальства слухання”, падкрэсліваючы, што бескарыслівае ахвяраванне часу на слуханне чалавека, гэта першы жэст любові ў адносінах да яго, а таксама нагадваючы пра сінадальны працэс у Касцёле.
“Давайце будзем маліцца, каб ён стаў вялікай нагодай для ўзаемнага слухання. Адзінства, насамрэч, не з’яўляецца плёнам стратэгій і праграм: яно будуецца ва ўзаемным слуханні паміж братамі і сёстрамі. Як у хоры, адзінства не патрабуе ўніфікацыі, манатоннасці, але плюралізму і разнастайнасці галасоў, поліфаніі. У той жа час, кожны голас у хоры спявае, слухаючы іншыя галасы і ствараючы агульную гармонію. Гэта гармонія задумана кампазітарам, але яе рэалізацыя залежыць ад сімфоніі ўсіх і паасобных галасоў”, - напісаў Пантыфік.