Папа сустрэўся са старшынёй Упраўлення мусульман Каўказа
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сустрэча адбылася 13 студзеня 2022 года ў Ватыкане. Падрабязнасці пра яе змест Зала Друку Апостальскай Сталіцы не паведамляла.
Вялікага муфтыя Алахшукюра Пашазадэ суправаджаў пасол Азербайджана ў Францыі і пры Апостальскай Сталіцы Рахман Мустафаваеў, старшыня Азербайджанскай абшчыны горскіх яўрэяў Меліх Еўдаеў, сакратар Бакінскай і Азербайджанскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Аляксей Ніканораў і Апостальскі прэфект Азербайджана біскуп Уладзімір Фекетэ.
Папа Францішак і шэйх Алахшукюр Пашазадэ ўпершыню сустракаліся ў 2016 годзе падчас візіту Святога Айца ў Баку. 72-гадовы муфтый з’яўляецца старшынёй Упраўлення мусульман Каўказа з 1980 года. Ён прадстаўляе сваіх адзінаверцаў на многіх міжнародных і міжрэлігійных пляцоўках, у прыватнасці з’яўляецца членам Міжнароднага цэнтра дыялогу KAICIID, сядзіба якога знаходзіцца ў Вене. У 2007 годзе стаў адным з падпісантаў адкрытага ліста ісламскіх навукоўцаў, якія выказаліся за ўмацаванне дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі.