Папа падчас святой Імшы ў Нядзелю Божага Слова Папа падчас святой Імшы ў Нядзелю Божага Слова 

Папа: Божае слова паказвае аблічча Пана і вядзе да чалавека

23 студзеня 2022 года Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды 3-й Нядзелі Божага Слова. Урачыстая літургія прайшла ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У цэнтры жыцця святога Божага народу і шляху веры знаходзімся не мы з нашымі словамі: у цэнтры знаходзіцца Бог са сваім словам”, - заўважыў Пантыфік у гаміліі. У першую чаргу ён падкрэсліў, што Божае слова – гэта слова, якое паказвае Бога. Святое Пісанне дэманструе Яго як Бога-з-намі, які жадае вызвалення бедных і абцяжараных, клапоціцца пра чалавека, хоча дапамагчы яму падняцца, разагнаць холад у яго душы, асвяціць яго цёмную штодзённасць, падтрымаць няўпэўненыя крокі.

Францішак заклікаў вернікаў задумацца пра тое, які вобраз Бога мы маем і абвяшчаем у Касцёле, ці нараджае наша вера надзею і радасць? “Каб навярнуць нас да сапраўднага Бога, Езус указвае нам з чаго трэба пачаць: з Божага слова. Яно, распавядаючы нам гісторыю любові Бога да нас, вызваляе нас ад страхаў і стэрэатыпаў адносна Яго, якія гасяць радасць веры. Божае слова скідвае фальшывых ідалаў, зрывае маскі з нашых праекцый, знішчае занадта чалавечыя ўяўленні пра Бога і прыводзіць да Яго сапраўднага аблічча – міласэрнасці. Божае слова сілкуе і абнаўляе веру: вернем яго ў цэнтр малітвы і духоўнага жыцця!”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец зазначыў таксама, што Божае слова – гэта слова, якое вядзе да чалавека. “Менавіта, калі адкрываем для сябе, што Бог – гэта спагадлівая любоў, перамагаем спакусу закрытасці ў сакральнай рэлігійнасці, якая зводзіцца да знешняга культу і не дакранаецца да сапраўднага жыцця і не перамяняе яго”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што такая рэлігійнасць з’яўляецца “схаваным ідалапаклонствам”.

“Божае слова падштурхоўвае нас выйсці за ўласную агароджу і ісці насустрач братам, маючы толькі лагодную сілу любові Бога, якая вызваляе. У назарэцкай сінагозе Езус паказвае нам менавіта гэта: Ён пасланы ісці насустрач бедным – якімі з’яўляемся мы ўсе – і вызваліць іх. Езус прыйшоў не для таго, каб уручыць нам спіс норм ці праводзіць нейкія рэлігійныя цырымоніі, але зышоў на дарогі свету, каб сустрэць параненае чалавецтва, ласкава дакрануцца да абліччаў, пабітых пакутамі, аздаравіць забітыя горам сэрцы, вызваліць нас ад путаў, якія знявольваюць душу. Такім чынам Ён паказвае нам, які спосаб ушанавання найбольш падабаецца Богу: клопат пра бліжняга”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Божае слова змяняе нас, пранікаючы ў душу быццам меч: яно суцяшае і адначасова правакуе і ўзрушвае, не пакідае бестурботнымі перад абліччаў нашых супярэчнасцяў і несправядлівасці ў свеце.

“Яно заклікае нас дзейнічаць, злучыць пашану да Бога з клопатам пра чалавека. Бо Святое Пісанне было дадзена нам не для таго, каб забаўляць нас, песціць нас анёльскай духоўнасцю, а для таго, каб выходзілі насустрач іншым і набліжаліся да іх ран. Слова, якое сталася целам, хоча ўцелавіцца ў нас”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што Божае слова не адрывае нас жыцця, а падштурхоўвае станавіцца працавітымі, крэатыўнымі, прароцкімі хрысціянамі. “Божае слова прагне ўцелавіцца менавіта сёння, а не ў ідэальнай будучыні”, - дадаў ён.

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец спаслаўся на абрад устанаўленне некаторых вернікаў на паслугу лектаратаў і катэхетаў, які прайшоў падчас літургіі, падкрэсліваючы, што яны “пакліканы служыць Евангеллю і абвяшчаць яго, каб суцяшэнне, радасць і вызваленне Езуса дасягнулі ўсіх”.

“Гэта таксама з’яўляецца місіяй кожнага з нас: быць пераканаўчымі прапаведнікамі, прарокамі Божага слова ў свеце. Таму, давайце запалімся любоўю да Святога Пісання, дазволім, каб у нас глыбока пранікла Божае слова, якое паказвае навіну Бога і вядзе да нястомнай любові да іншых. Давайце вернем Божае слова ў цэнтр душпастырства і жыцця Касцёла! Давайце будзем слухаць яго, маліцца ім, спаўняць яго”, - заклікаў Пантыфік.
 

23 студзеня 2022, 12:52