Святы Айцец: Езус дае прыклад сапраўднай чалавечнасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Прыемна бачыць, што за гэтыя паўстагоддзя жыцця вы прайшлі шлях ад ганаровай варты палацу да ганаровага служэння чалавецтву, што пілігрымуе па зямлі, даючы асаблівае сведчанне хрысціянскага жыцця, апостальства і вернасці Святому Пасаду”, - сказаў сваім гасцям Пантыфік.
Францішак заўважыў, што 50-гадовая гісторыя Асацыяцыі складаецца са шматлікіх сустрэч. “У сустрэчы заўсёды прысутнічае рух. Калі мы ўсе прабываем у нерухомасці, тады не сустрэнемся ніколі. Жыццё – гэта мастацтва сустрэчы, нават калі ў ім столькі канфліктаў (Fratelli tutti, 215). Жыццё з’яўляецца менавіта гэтым – мастацтвам сустрэчы. Сустрэча – як кісларод для жыцця”, - сцвердзіў Папа.
Пантыфік заахвоціў членаў Асацыяцыі будаваць “культуру сустрэчы” праз сваю штодзённую дзейнасць, “дзелячыся цяплом дабрыні Езуса тымі, хто ўваходзіць у базыліку святога Пятра, каму патрэбна ўказанне, хто патрабуе ўсмешкі, каб адчуваць сябе як дома”. Ён падкрэсліў, што ўсмешка дапамагае будаваць масты паміж людзьмі.
Папа заклікаў членаў ватыканскай асацыяцыі памятаць пра свае гістарычныя карані і захоўваць веру, атрыманую ў спадчыну ад продкаў. Ён адзначыў важнасць усведамлення таго, што адносіны паміж людзьмі – гэта самае важнае ў жыцці і што “мы ўсе адчуваем патрэбу любіць адзін аднаго, жыць у адзінстве, чуць добрыя і натхняючыя словы і дарыць іх з ладам жыцця, поўным надзеі”.
Пантыфік заахвоціў сваіх гасцей няспынна ўглядацца ў жыццё Езуса, які дае прыклад сапраўднай чалавечнасці. “Такім чынам, лепшае пазнанне Яго, знаёмства з тым, як Ён жыў, што казаў, як адносіўся да іншых – гэта аснова для адкрыцця таго, як жыць па-чалавечы сёння. Гледзячы на Яго будзем адчуваць сябе яшчэ больш пакліканымі да штодзённага служэння, якое складаецца з гасціннасці, узаемнай падтрымкі, братэрскай увагі, чалавечай блізкасці. Я думаю, што такім чынам можна канкрэтным чынам паказаць прыгажосць і сілу Евангелля”, - дадаў Святы Айцец.
Заклікаючы сваіх гасцей служыць “з надзеяй у сэрцы”, Папа нагадаў, што надзея заўсёды павінна быць на шляху верніка. “Мы належым Хрысту, мы злучаны з Ім хростам; у нас ёсць Яго прысутнасць, Яго святло, Яго жыццё. Давайце будзем ісці, падтрыманыя Яго словам – яно з’яўляецца Словам жыцця. Давайце будзем ісці з радасцю і надзеяй, усведамляючы, што Пан ніколі не перастане падтрымліваць нашу добрую дзейнасць. Я кажу гэта асаблівым чынам звяртаючыся да моладзі: заклікаю вас прыносіць у дар свае сілы дзеля дабра тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, і станавіцца людзьмі, здольным да сапраўдных і шчырых сустрэч”, - сказаў Пантыфік.
Члены Асацыяцыі святых Пятра і Паўла падпарадкоўваюцца непасрэдна Дзяржсакратарыяту і дапамагаюць у правядзенні папскіх цэлебрацый і цырымоній, дзейнасці ватыканскіх дабрачынных структур, даглядзе за грамадскім парадкам у базыліцы святога Пятра. Сядзіба аб’яднання знаходзіцца ў Апостальскім палацы.